Наша Ганнушка ў Данбасе просіць… спакою



У часе сённяшняй сустрэчы ў Астане Лукашэнкі, Пуціна ды Назарбаева чарговым разам – пасля Менска-2 – будзе, паводле заяў, ўздымацца праблема канфлікту на ўсходзе Украіны. І зноў жа, імаверна, за геапалітыкай ды пошукамі “самавызначэння” ДНР ды ЛНР убаку застануцца лёсы простых данбасцаў, якім наканавана першабытнае самавыжыванне. Зранку мне ўдалося звязацца па тэлефоне з шахцёрскім гарадком Юнакамунараўскам, што ў 15 км ад нядаўна “франтавога” яшчэ Енакіева. Там жыве патомасная беларуска, 45-гадовая Ганна Юркіна. Мы сустракаліся з ёй у Беларусі, калі яе чакала яшчэ мірная Україна.

IMG_2222

Бацька Ганнушкі, як называюць яе родныя, з Пухавіцкага раёна – падаўся яшчэ ў савецкія часы на заробкі ў шахцёры. Яшчэ нядаўна на яе гародзе ірваліся міны – як украінскія, так і “сепаратысцкія”. Таму адразу загаварыла пра тое, чаго прагнуць усе тутэйшыя – пра мір і спакой. І – без утойвання сімпатый ды антыпатый. Па-беларуску.

Ганна: Дзякуй богу, нарэшце, прачынаешся ў цішыні, на працу ідзеш, не ўцягваючы кожную хвіліну галаву ў плечы. Галоўнае пажаданне пры сустрэчы “здароўя” змянілася на “міру”.

РР: Нармандскае пагадненне нешта дало?

Ганна: Снарады на падворку не грымяць. Але некаторыя мястэчкі па суседству яшчэ тлеюць…

[Not a valid template]

Ганна Юркіна ў часы наведвання роднай Беларусі.

РР: Наперадзе, мабыць, самае горшае, калі “аднеквацца” ад вас будуць Пуцін і Кіеў адначасова…

Ганна: Мы нікому зараз непатрэбныя, больш таго – у замінку. Я ўжо ні на што не спадзяюся…

РР: А мо, нарэшце, уз’яднаецеся…

Ганна: З Украінай? У нас нехта схіляецца да яе, нехта яднае сабе з Расеяй. Зрэшты, ані тая, ані другая для Данбаса нечага значнага не зрабіла. Большасць схіляецца да Крамля, Парашэнку пасля вайсковай “аперацыі” ненавідзяць. Я штодзень адкрываю Інтэрнэт, параўноўваю. Увогуле, “забілі” на нас – не ўвозяць грошы, заробкі, пенсіі.

РР: Вярталася б у Беларусь…

Ганна: (смяецца ) У нас у гарадку перасоўваешся з пропускам у кішэні! Выезд праз Украіну нерэальны, хіба праз Расею? Дапусцім, я працую інжынерам на металургічным заводзе, да вайны зарабляла 500 даляраў у месяц. Цяпер не ведаю – курс з 8 грыўнаў змяніўся на 25-50. Прадпрыемства часова стаіць, але заробак у 4 тысячы грыўнаў плацяць…праз картку. Выехаць за ім, як і за пенсіямі – немагчыма. Пакуль выратоўваюць зберажэнні – мама доўгі час ад’яжджала на працу ў Турцыю. Ёсць людзі, у якіх зусім нявыкрутка – з тых жа Дэбальцава, Вуглягорску. Мы з мужам Сашам выяжджалі туды – посуд, парашкі ім куплялі. Ну мы людзі маленькія…Раней можна было сказаць пры канцы “прашу завітаць у госцікі”, а цяпер тут “гарачая кропка”. Невядома што куды перакінецца – ізноў успыхне новае Дэбальцава, стрэлы пачнуцца…

Эрых Марыя Рэмарк зазначыў некалі, што на вайне столькі праўды, колькі людзей у ёй брала ўдзел. Аднак, відавочна, найгорш прыходзіцца мірным жыхарам, асабліва слабым ды нямоглым, якіх менш за ўсё цікавяць “геапалітыкі” ды “перамогі”…

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара