Нашага журналіста затрымалі за асвятленне пікету Ніны Багінскай (абноўлена)



Прыкладна праз чатыры гадзіны Максіма Клімковіча адпусцілі без складання пратакола.

***

Апазіцыйных актывістак адпусцілі з Маскоўскага РАУС, дзе журналіст Радыё Рацыя Максім Клімковіч – пакуль невядома.

4 студзеня а 15-й гадзіне ля скульптуры гарадавога ў Менску былі затрыманыя тры апазіцыйныя актывісткі Ніна Багінская, Алёна Талстая і Надзея Батура, а таксама карэспандэнт „Радыё Рацыя” Максім Клімковіч. На пачатку 8-й вечара пасля Талстой і Батуры адпусцілі і Ніну Багінскую. Дзе Максім Клімковіч, якога дапытвалі першым, пакуль невядома, паведаміла Рацыі Алёна Талстая. Паводле Талстой, Ніна Багінская зладзіла чарговы адзіночны пікет «Свабоду палітвязням», у яе быў плакат, на якім былі пералічаныя імёны ўсіх палітвязняў.

– Затрыманне было абсалютна незаконнае. Яна нічога не парушала. Затрымалі, калі яна падыйшла да скульптуры гарадавога. У нас былі апісаныя ўсе рэчы, нам казалі, што адправяць у следчы ізалятар. Я не ведаю лёсу Максіма, які таксама апынуўся там побач, у яго таксама апісалі рэчы, і першага вывелі, таму я не ведаю, куды яны яго накіравалі.

Прэс-служба МУС не дала адказу прадстаўнікам Беларускай асацыяцыі журналістаў, якія спрабавалі высветліць акалічнасці сітуацыі.

Беларускае Радыё Рацыя

***

Затрыманыя каля скульптуры гарадавога ў Менску апазіцыйныя актывісткі і журналіст адпушчаныя з міліцыі.

4 студзеня сталічная міліцыя затрымала Ніну Багінскую, Алену Талстую і Надзею Батуру, а таксама карэспандэнта „Радыё Рацыя” Максіма Клімковіча.

Інцыдэнт адбыўся прыкладна ў 15.00 каля скульптуры „Мінскі гарадавы” побач з будынкам Міністэрства ўнутраных спраў.

Ніна Багінская арганізавала адзіночны пікет з плакатам „Свабоду палітвязням” каля скульптуры гарадавога. Побач былі Надзея Батура, якая вяла трансляцыю ў „Фэйсбуку”, а таксама Алена Талстая і Максім Клімковіч. Багінскую і ўсіх астатніх затрымалі і павезлі ў Маскоўскае РУУС Менска.

Па стане на 19.30 усе затрыманыя адпушчаныя. У дачыненні да Багінскай і Талстой складзеныя пратаколы, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

***

Актывістка Ніна Багінская выйшла да скульптуры «Мінскі гарадавы» з плакатам «Свабоду палітвязням». Максім Клімковіч планаваў рыхтаваць матэрыял пра гэты пікет.

Ніну Багінскую і некалькі асобаў, якія былі разам з ёй, затрымалі ў цэнтры Менска.

Пра гэта паведаміла ў Facebook Ганна Шапуцька.

Разам з Багінскай былі затрыманыя Надзея Батура, Алена Таўстая і журналіст „Радыё Рацыя” Максім Клімковіч.

Затрыманых адвезлі ў Цэнтральны РАУС Менска.

baj.by