Наста Лойка: Дзейнасць „Вясны” заўжды не падабалася ўладам



Падазраванай у „спрыянні ў нясплаце падаткаў” зараз выступае праваабаронца арганізацыі „Human Constanta” Наста Лойка.

Справа звязаная з дзейнасцю праваабарончага цэнтру „Вясна”, да якога яна не мае дачынення ўжо тры гады, пра гэта распавяла сама наша „Госця Рацыі” у гутарцы з Алісай Поль.

РР: Распавядзіце калі ласка, што за крымінальная справа заведзена ў дачыненні да вас?

– Я даведалася пра крымінальную справу, па якой я праходжу, толькі 13 жніўня 2021 года. Калі мяне затрымалі і паказалі пастанову пра затрыманне, пра ўзяцце пад варту і статус падазронай. Гэта ўсё справа, якая заведзена ў дачыненні да праваабарончага цэнтру „Вясна”. Яна была ўзбуджана яшчэ 13-га ліпеня 2021 года. 14-га ліпеня былі першыя масавыя вобшукі, былі першыя затрыманні. Тады ўзялі пад варту Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча, Валянціна Стэфановіча, яшчэ некалькі чалавек з праваабарончага цэнтру „Вясна”. Астатніх адпусцілі праз трое сутак, а яны засталіся пад вартай. Гэта ўсё справа ў дачыненні да іх траіх, плюс яшчэ аднаго чалавека з „Вясны”. Яна па двух артыкулах, там нясплата падаткаў у асабліва буйным памеры частка 2 артыкула 243. Таксама ў дачыненні да Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча і Дзмітрыя Салаўёва, у іх яшчэ фігуруе частка 1, частка 2 артыкула 342 – гэта групавыя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак. Я зараз праходжу па частцы 6 артыкула 16 і часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу. Мяне падазраюць у тым, што я садзейнічала дзейнасці гэтых чатырох асобаў па нясплаце падаткаў, што яны кіравалі „Вясной”, атрымлівалі фінансавыя сродкі, з гэтага не плаціліся падаткі. Я нібыта ўдзельнічала, дапамагала ім у гэтым. Напрыклад, перавозіла грошы праз мяжу, аплачвала штрафы, адвакацкія паслугі. Прыблізна фабула зараз выглядае так. Я падазраюся толькі па артыкуле 243, што менавіта гэтым дапамагала і спрыяла ім, а 342 у мяне падазрэнняў няма.

РР: Пра што вялася размова з Дэпартаментам фінансавых расследаванняў?

– Справа ў тым, што саму крымінальную справу супраць праваабарончага цэнтру „Вясна”, вядзе цэнтральны апарат Следчага камітэту. Там вялікая следчая група, дзе людзі з Менску, з рэгіёнаў вельмі шмат. Пры гэтым яны даюць даручэнні  іншым органам, напрыклад, затрымаць людзей, правесці вобшукі, адвезці ў ізалятар. Яны давалі даручэнні і ГУБАЗіКу, іншым органам. Часта давалі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў, непасрэдна маё затрыманне ажыццяўляў Дэпартамент фінансавых расследаванняў, яны мяне суправаджалі паўсюль, як 13-га жніўня, падчас затрымання, так і перад вызваленнем 16-га жніўня. Яны праводзілі вобшукі, спрабавалі нефармальныя нейкія размовы са мной весці. Усе неафіцыйныя следчыя дзеянні са мной вядзе цэнтральны апарат Следчага камітэту і кіраўнік следчай групы адтуль. 

РР: Ці лічыце такі пераслед палітычна матываваным і з чым звязваеце?

– Я казала следчым, яшчэ падчас першага допыту 15-га жніўня, я абсалютна пераканана ў тым, што ўся справа супраць „Вясны” цалкам палітычна матываваная. Гэта пераслед за мірную, легальную, грамадскую праваабарончую дзейнасць. Гэта звязана з тым, што дзейнасць „Вясны” заўжды не падабалася ўладам, асабліва гэта абвастрылася апошні год, калі ў цэлым зараз ідзе такі масавы ціск на грамадзянскую супольнасць, тут як бы сышлося два пункты мне падаецца на „Вясне. З аднаго боку лічыцца, што „Вясна” дапамагала людзям з аплатай штрафу, адваката, яшчэ чагосьці. Гэта спрыяла нейкай грамадскай вулічнай актыўнасці, чаго вельмі баяцца дзеючыя ўлады. З аднаго боку і з іншага боку „Вясна” вельмі яскравая ў грамадскім сектары. Паколькі зараз ідзе такі масавы ціск у адказ на санкцыі Еўразвяза і Злучаных Штатаў Амерыкі. Менавіта тое, што ёсць нейкая грамадская актыўнасць, „Вясну вырашылі абраць такім аб’ектам, супраць каторага накіраваць свой рэпрэсіўны адказ. Менавіта таму ўзбудзілі гэтую вялікую крымінальную справу. Яшчэ такая падпрычына, можа быць, як у іншых крымінальных справах супраць грамадзянскай супольнасці, тое, што падчас масавых вобшукаў, якія праходзілі яшчэ ў лютым 2021 года, забралі дастаткова шмат нейкай дакументацыі, якая аб’яднала гэтыя абвінавачанні. 

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Асноўныя акалічнасці справы заключаюцца ў тым, што Наста Лойка нібыта спрыяла перавозу грошай з-за мяжы, аплачвала штрафы і адвакатаў пацярпелым ад рэжыму. На дадзены момант яна мае падпіску аб нявыездзе.

Беларускае Радыё Рацыя