Настаўнікаў вызваляць да работ, якія не адносяцца да іх працоўных функцый



Пастанова ад 27 снежня 2017 года апублікаваная на сайце Міністэрства адукацыі. Яна вызначае пералік дакументаў, абавязковых для вядзення асобнымі педагагічнымі работнікамі, і выключае практыку прыцягнення педагогаў да работ, якія не адносяцца да выканання іх працоўных функцый.

Такім чынам, дакумент замацоўвае за настаўнікам вядзенне чатырох абавязковых дакументаў: класнага журнала, каляндарна-тэматычнага планавання, плана ўрокаў і дзённікаў вучняў.

Класны кіраўнік павінен весці пяць дакументаў: класны журнал, план работы на паўгоддзе, сацыяльна-педагагічную характарыстыку класа, асабістыя карткі і дзённікі вучняў.

На выхавацеля ўскладзены абавязак весці ўсяго тры дакументы: журнал школьнай групы прадоўжанага дня, каляндарна-тэматычнае планаванне на чвэрць і штодзённы план.

Настаўнік-дэфектолаг спецыяльнага класа, класа інтэграванага навучання і выхавання акрамя класнага журнала, каляндарна-тэматычнага, пазаняткавага планавання і дзённікаў вучняў таксама вядзе карты абследавання дзяцей.

Настаўнік-дэфектолаг пункта карэкцыйна-педагагічнай дапамогі вядзе: журнал уліку абследаваных і залічаных у пункт навучэнцаў, журнал уліку праведзеных заняткаў і наведвання іх навучэнцамі, гадавы план работы, план-канспект занятку, карты абследавання дзяцей, планы карэкцыйна-педагагічнай дапамогі (на кожную групу, падгрупу, індывідуальныя), дзённікі вучняў.

Педагог-арганізатар толькі плануе працу на паўгоддзе.

За настаўнікам фізкультуры замацаваныя два дакументы — план і сцэнарый фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемстваў (на паўгоддзе).

Педагог дадатковай адукацыі вядзе тры дакументы: журнал планавання і ўліку працы аб’яднання па інтарэсах, праграму аб’яднання па інтарэсах і план-канспект заняткаў.

У пастанове паказана, што любыя адхіленні ад пунктаў гэтага дакумента павінны быць узгодненыя з Міністэрствам адукацыі або са структурнымі падраздзяленнямі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у сферы адукацыі і па справах моладзі.

belapan.by