Наталля Качанава ў Баранавічах сустрэлася з прыхільнікамі апазіцыі



Пасланец Аляксандра Лукашэнкі – Наталля Качанава прыехала ў Баранавічы. Яе цікавіў настрой людзей, чым яны незадаволеныя, чаго хочуць. Таму яна перш-наперш пажадала сустрэцца з прадстаўнікамі іншых кандыдатаў  і мясцовымі апазіцыянерамі. На сустрэчу, якая адбылася ў гарадской бібліятэцы, прыйшло каля 30 чалавек.

Качанава распавяла пра сябе і станоўча ацаніла работу кіраўніка дзяржавы, а затым прапанавала задаваць пытанні, кажа сябра ініцыятыўнай групы кандыдата ў кандыдаты на прэзідэнцкіх выбарах Юрася Губарэвіча Юрый Казакевіч:

– Яна спытала – а чаго ж мы хочам? Я сказаў, што мы хочам развіцця краіны не па ўсходне-азіяцкім шляху развіцця – расейскім, а па заходнім – цывілізаваным. Мы будзем патрабаваць выхаду Беларусі з усіх саюзаў эканамічных і ў першую чаргу ваенных саюзаў з Расеяй. Мы будзем патрабаваць усталявання паўнавартаснай мяжы з Расеяй.

Сустрэча доўжылася каля дзвюх гадзін. Былі зададзены пытанні і данесена інфармацыя па беларускім універсітэце, па выбарчых фальсіфікацыях і нізкіх заробках. Ад адказаў на вострыя пытанні Качанава ўмела ўхілялася. Паводле нашых суразмоўцаў, нягледзячы на негатыўную ацэнку дзейнасці Лукашэнкі і выбарчай сістэмы, Качанава цвёрда сказала, што яна з ім пойдзе да канца, маўляў, у агонь і ваду, бо Лукашэнка такі  прэзідэнт, якога трэба пашукаць.

Сустрэчы працягнуліся на прадпрыемствах “Баранавічыхлебпрадукт” і “Баранавіцкае вытворчае баваўняна-папяровае аб’яднанне”.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: minsknews.by