Наталля Хершэ спыніла галадоўку



Грамадзянка Швейцарыі і беларуская палітзняволеная Наталля Хершэ спыніла галадоўку ў магілёўскай турме. Пра гэта паведаміў яе брат Генадзь Касьян, які атрымаў ад сястры тэлеграму.

Галадоўку Хершэ аб’явіла 30 студзеня. Яна пратэставала супраць неабходнасці слухаць беларускае радыё з раніцы да позняга вечара (гук у камеры ўключалі на максімальную гучнасць). Канфлікт нібыта залагоджаны.

Наталля Хершэ — грамадзянка Швейцарыі беларускага паходжання. У снежні 2020-га яна была асуджана ў Менску на 2,5 года калоніі строгага рэжыму за супраціў супрацоўніку міліцыі падчас вулічнай акцыі — на адным з жаночых маршаў жанчына сарвала балаклаву з амапаўца. У судзе Хершэ не прызнала сваёй віны. У далейшым яна адмаўлялася пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Восенню 2021-га пакаранне Наталлі Хершэ зрабілі больш жорсткім — яе перавялі ў мужчынскую турму ў Магілёве.

Улады Швейцарыі дамагаюцца вызвалення сваёй грамадзянкі, але пакуль няўдала. Нядаўна стала вядома, што Швейцарыя мае намер усё ж адправіць новага амбасадара ў Беларусь, і ён адразу ж яе наведае.

Еўрарадыё

[manual_related_posts]