Наталля Папкова аштрафаваная за абразу супрацоўніка ІЧУ



Суд Ленінскага раёна Берасця 4 красавіка прызнаў мясцовую актывістку грамадскага руху „Маладая Беларусь” Наталлю Папкову вінаватай па арт. 23.5 КоАП (абраза службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў) і аштрафаваў на 20 базавых велічынь (460 рублёў).

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, у адпаведнасці з судовай пастановай 27 сакавіка Папкова, адбываючы адміністрацыйны арышт у ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАУС, абразіла супрацоўніцу ІЧУ. Папкова адмаўляла правапарушэнне.

У суд актывістку даставілі з ІЧУ Ленінскага РАУС, дзе яна адбывала прызначаны судом 31 сакавіка пяцісутачны арышт за ўдзел у акцыі за адмену дэкрэта „аб дармаедах”, якая прайшла ў Брэсце 19 лютага (выйшла на свабоду 5 красавіка).

24 сакавіка суд Ленінскага раёна прызнаў Папкову вінаватай па ч. 1 арт. 23.34 КоАП і прыгаварыў да сямі сутак арышту за ўдзел у акцыі за адмену дэкрэта „аб дармаедах” 12 сакавіка ў абласным цэнтры.

29 сакавіка прыблізна ў 11.00 актывістка выйшла на волю з ізалятара часовага ўтрымання Ленінскага РАУС. Яе адразу затрымалі супрацоўнікі міліцыі, пасадзілі ў аўтамабіль і даставілі ў абласное ўпраўленне камітэта судовых экспертыз. Адтуль каля 12.00 Папкову адпусцілі.

belapan.by