Наталля Папкова: Веру, што мы пераможам



Многія беларусы, ратуючыся ад лукашэнкаўскага рэжыму, шукаюць прытулку ў суседніх краінах. Як гэта зрабіла “Госця Рацыі” – актывістка партыі „Народная Грамада” Мікалая Статкевіча, арганізатарка акцый супраць “дэкрэта аб дармаедах”, прадпрымальніца Наталля Папкова з Берасця.

Мы пагаворым з Наталляй пра тое, як склаўся яе лёс пасля вымушанай міграцыі ў 2018 годзе.

РР: Калі вы з’ехалі за мяжу?

Наталля Папкова: У студзені 2018 года стаяў выбар – або сяду ў турму на 8 гадоў па артыкуле за гандаль наркотыкамі, або з’еду. Выбрала – з’ехаць. Мяне змяшчалі і ў псіхіятрычную бальніцу ў лютым 2017 года.

РР: Пасля таго, як з’ехалі, як склаўся ваш лёс?

Наталля Папкова: Нядрэнна склаўся, дзякуй Богу. Сустрэла будучага мужа, выйшла замуж, працую. Жыву пакуль у Варшаве. Апошні год жыла ў Францыі. І ўдзельнічаю, як заўсёды, у беларускіх палітычных акцыях. Спадзяюся перавезці сюды сям’ю або вярнуцца дадому.

Мой муж – грамадзянін Алжыру, мусульманін. Я таксама мусульманка. Але ў гэтую веру я перайшла не з-за мужа. Я стала пераасэнсоўваць сваё жыццё, калі сядзела ў “псіхушцы” і на сутках. Стала шукаць сваю рэлігію, і знайшла.  І ў 2018 годзе, у Львове, я арганізоўвала акцыю салідарнасці з Беларуссю на Дзень Волі, і тады ж я прыйшла ў іслам.

РР: Вы ў Варшаве стала жывяце і працуеце, ці прыехалі часова?

Наталля Папкова: Я пакуль тут жыву, спадзяюся, хутка вярнуся дадому. Хутка сюды прыедзе муж і будзем жыць разам або тут, або ў Беларусі.

РР: Сумуеце па Радзіме? Не былі ж з 2018 года дома?

Наталля Папкова: Калі б была, я б зараз у турме сядзела, а не з вамі размаўляла! Канешне, сумую, дом – гэта ўсё ж такі дом. Я палітбежанка, у 2019 годзе Польшча мне дала міжнародную абарону. Зараз у мяне ёсць польскі від на жыхарства, ёсць і беларускі пашпарт, які бліжэй да сэрца, хоць не з тым гербам, які люблю.

РР: Як вы глядзелі на тыя падзеі, якія адбываліся ў Беларусі ў 2020 годзе? Ці шкадавалі, што вас у гэты час там не было?

Наталля Папкова: Канешне, шкадавала і распрацоўвала планы, каб вярнуцца. Але…

РР: Вы верылі ў 2020 годзе, што мы пераможам?

Наталля Папкова: Я і зараз веру, і напэўна пераможам. Я думаю, што да сакавіка мы ўсе ўжо зможам вярнуцца дадому. І гэта інсайдарская інфармацыя з Беларусі.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя