Наталля Васілевіч пра міжканфесійныя адносіны



Наша госця эфіру знаходзіцца ў Вільні. Наталля Васілевіч – тэолаг, палітолаг і сябра „Хрысціянскай візіі” Каардынацыйнай рады. Нагодай для нашай размовы стаў ліст мітрапаліта Веніяміна, кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы, да кіраўнікоў епархіяў, да архіпастыраў, як гэта заяўляецца на пачатку ліста.

РР: Ліст мітрапаліта мае такі даволі агрэсіўны змест у дачыненні да грэка-каталікоў. Хацеў бы спытацца, гэта дакумент для ўнутранага карыстання? Адбыўся зліў у сеціва?

Так, гэта сапраўды так. Мы першыя, хто апублікаваў гэты ліст. Мы бачылі, што і ў Анатоля Сідарэвіча быў гэты дакумент, таму здаецца, што зліў адбыўся ў некалькі крыніц адразу. Але сапраўды мы апублікавалі першыя.

РР: Як вы ацэньваеце тон гэтага дакумента?

– Я асабліва не магу сказаць, што ў мяне ён выклікаў пэўныя ўражанні. Гэта тыповы для праваслаўнага дыскурсу, для пэўных колаў праваслаўных тон. Ацэнка ўніятаў, як канфесіі, таму нічога дзіўнага ў такім лісце ні ў самым факце, ні ў ягоным настроі не было. Адзінае, што безумоўна нечаканым з’яўляецца вось такая апеляцыя да палітычнай актыўнасці грэка-каталіцкіх вернікаў. Нават можна сказаць такая форма даносу. Хаця я таксама не магу сказаць, што для праваслаўных гэта такое штосьці новае. Так тыпова выглядаюць нашы ўнутраныя праваслаўныя дакументы ў Беларускай праваслаўнай царкве.

РР: Чаму такое негатыўнае стаўленне праваслаўных Маскоўскага патрыярхату да ўніятаў?

Таму, што ўніяты, яны больш разглядаюцца як канкурэнты. То бок гэта такія праваслаўныя, якія „здрадзілі” праваслаўю і падпарадкаваліся Рымскаму Папу фактычна. Гэта такі першы рэлігійны аспект. Другі аспект безумоўна нацыянальны. Калі мы паглядзім нават так званых святых, якіх збіраюцца кананізаваць. Таго ж Іосіфа Сямашку, то практычна ўся аргументацыя, чаму ён святы, звязана не з рэлігійнымі аспектамі, не з тым, што ён зразумеў ісціну праваслаўнай веры. Уся аргументацыя абгрунтавана на палітычных аспектах, нацыянальных аспектах. Таму ўніяты цяпер разглядаюцца хутчэй не як рэлігійныя канкурэнты, а менавіта як тыя, хто стварае такі вось нацыянальны, альтэрнатыўны дыскурс у „трыадзінай Русі”. Мы ведаем, што мітрапаліт Веніямін раздзяляе такія радыкальныя і ў нейкай ступені, на мой погляд, ерэтычныя погляды, што як нельга раздзяліць Святую Тройцу, так нельга раздзяліць расейскі, украінскі і беларускія народы.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя