Наталлю Папкову, відавочна, будуць судзіць заўтра



Берасцейскую грамадскую актывістку Наталлю Папкову, якую затрымалі раніцай на чыгуначным вакзале горада, у суд Ленінскага раёна так і не даставілі.

Сітуацыю каментуе праваабаронца Уладзімір Вялічкін, які кантактуе з адвакатам актывісткі:

– Адразу яны не сказалі падставы затрымання. Сведкі гэтага здарэння, прынамсі, падставу не чулі. Але з цягам часу быў падключаны адвакат. Адвакат даведаўся, што Наталля Папкова зараз утрымліваецца ў Паўночным гарадку да суду. Суд, як сказалі адвакату, будзе заўтра.

Па папярэдняй інфармацыі ад адвакаткі, Наталлю Папкову вінавацяць у “парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў”. Яна з’яўлялася актыўным удзельнікам шэрагу акцый пратэсту супраць дэкрэту “аб дармаедстве”, што мелі месца ў горадзе.

Акалічнасці ейнага цяперашняга затрымання каментуе сяброўка Наталлі, якая бачыла ўсё ўласнымі вачыма:

– Яна ішла на работу на аб’ект. Ішла насустрач. Паміж намі было недзе метраў 15. Яна перайшла дарогу, і ззаду ў гэты час пад’ехала міліцыя. Я паспела сказаць ёй па тэлефоне: Наташа, ззаду міліцыянеры, каб яна хаця б паспела павярнуцца. Але яны ўжо заціснулі яе ў вугал і пачалі забіраць. Яна крычала: Ратуйце, дапамажыце! Але яе сілай заштурхнулі ў аўтамабіль.

Суд мусіў пачацца а 14-й гадзіне, і на выпадак калі ў РАУСе паведамілі недакладную інфармацыю аб пераносе разгляду справы на заўтра, у будынку суду засталіся “дзяжурыць” ейная сястра Вольга і шэраг грамадскіх актывістаў.

“Разглядаем затрыманне Наталлі як прэвентыўнае, звязанае з анансаванымі акцыямі да Дня Волі”, – паведамілі праваабаронцы.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.

Фота аўтара