Нацыянальная прэмія 2018 года за дасягненні ў сферы правоў чалавека



Беларускія праваабарончыя арганізацыі 10 снежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека, назвалі лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі 2018 года за дасягненні ў сферы правоў чалавека. Урачыстая цырымонія адбылася ў публічнай прасторы „Тэрыторыя правоў”, якая адкрылася ў гэты дзень у Менску.

Лаўрэатам прэміі ў намінацыі „Журналіст года” калегія журы назвала галоўнага рэдактара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Ірыну Леўшыну. Заснавальнікі прэміі адзначылі, што яна „ўвесь час прыкладае намаганні, каб тэма правоў чалавека не знікала з інфармацыйнага парадку дня ў Беларусі”.

Леўшына падзякавала ўсім, хто яе намінаваў, а таксама калегам і праваабаронцам, якія выказвалі салідарнасць з фігурантамі „справы БелТА”, па якой яна праходзіла ў якасці абвінавачванай. „Дзякуючы вашай падтрымцы большасці ўдалося пазбегнуць крымінальнага пераследу, але цяпер усю падтрымку трэба накіраваць на Марыну Золатаву, якую хочуць давесці да суда. Гэта судзілішча будзе ганьбай для дзяржавы”, — падкрэсліла Леўшына.

Галоўны рэдактар інфармагенцтва заявіла, што лічыць узнагароду не толькі сваёй, але і ўсіх журналістаў, якія зведалі крымінальны пераслед у рамках „справы БелТА”, і запэўніла, што праваабарончая тэматыка „заўсёды будзе ў цэнтры ўвагі БелаПАН”.

Акрамя Леўшынай у шорт-ліст прэміі ў гэтай намінацыі ўвайшлі міжнародны аглядальнік БелаПАН Таццяна Каравянкова і публіцыст, празаік і журналіст, супрацоўнік выдання „Свободные новости” Аляксандр Тамковіч.

Леўшына і Каравянкова былі ў ліку 15 журналістаў, якія зведалі крымінальны пераслед у рамках справы, распачатай па паведамленні дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА аб збоях пры доступе аднаго з заказчыкаў да платнай падпіскі паслуг. Следчы камітэт абвінаваціў журналістаў у несанкцыянаваным доступе да камп`ютарнай інфармацыі. У канцы лістапада пераслед практычна ўсіх прадстаўнікоў медыя быў спынены — пасля кампенсацыі выстаўленых буйных сум шкоды і выплаты штрафу ў памеры 735 рублёў па арт. 86 КК (вызваленне ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем асобы да адміністрацыйнай адказнасці). Адзіным фігурантам „справы БелТА” засталася галоўны рэдактар партала tut.by Марына Золатава, якую абвінавацілі па ч. 2 арт. 425 КК (бяздзейнасць службовай асобы).

Перамогу ў намінацыі „Праваабаронца года” падзялілі дырэктар Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Вольга Смалянка, якая з`яўляецца адным з вядучых экспертаў у галіне свабоды асацыяцый і правоў некамерцыйных арганізацый у Беларусі, а таксама лідары незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік.

Улетку гэтага года прафсаюзных дзеячаў прызналі вінаватымі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (ч. 2 арт. 243 КК) і прыгаварылі да чатырох гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу з пяцігадовай забаронай займаць кіруючыя пасады. Міжнародныя прафсаюзныя і праваабарончыя арганізацыі назвалі пераслед Фядыніча і Комліка палітычна матываваным і расцанілі яго як спробу націску на незалежны прафсаюзны рух у Беларусі.

У шорт-ліст прэміі ў гэтай намінацыі таксама ўвайшла сузаснавальніца праваабарончай арганізацыі Human Constanta Анастасія Лойка. Яна з`яўляецца экспертам у сферы свабоды сходаў, вымушанай міграцыі, прававой дапамогі бежанцам, а таксама ў пытаннях антыдыскрымінацыі і роўнасці. У 2009 годзе Лойка працавала юрыстам Камітэта абароны рэпрэсаваных „Салідарнасць”, у 2010—2018 гадах — юрыстам у закрытым уладамі праваабарончым цэнтры „Вясна”.

У намінацыі „Праваабарончая кампанія / ініцыятыва года” лепшай прызналі кампанію „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”. Гэта кампанія была заснавана ў 2009 годзе праваабарончым цэнтрам „Вясна” і Беларускім Хельсінкскім камітэтам. Займаецца рэгістрацыяй скаргаў прыгавораных да смерці ў Камітэце па правах чалавека ААН; асветай і адукацыяй грамадзян па праблеме прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі; правядзеннем пікетаў і перформансаў супраць вышэйшай меры пакарання; лабіраваннем ідэй адмовы ад смяротнага пакарання ў Беларусі на міжнародным узроўні.

Другім кандыдатам на атрыманне прэміі ў гэтай намінацыі была кампанія супраць будаўніцтва акумулятарнага завода каля Берасця. Грамадская кампанія супраць завода пачалася ў рэгіёне ў студзені гэтага года. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр”, які будуецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”, пагражае іх здароўю. На прадпрыемстве плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і дамагаюцца прыпынення будаўніцтва.

Нацыянальная прэмія за дасягненні ў сферы правоў чалавека была заснавана ў 2008 годзе арганізацыяй „Праваабарончы Альянс”. З 2011 года яна з`яўляецца агульнай для ўсёй беларускай праваабарончай супольнасці. Арганізацыямі — сузаснавальнікамі прэміі выступаюць Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі дакументацыйнага цэнтр, Беларускі Хельсінкскі камітэт, закрыты ўладамі ў 2003 годзе праваабарончы цэнтр „Вясна”, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, камітэт „Салідарнасць”, Цэнтр прававой трансфармацыі, „Прававая ініцыятыва”, а таксама грамадская ініцыятыва супраць беззаконня ў судах і пракуратуры. Пры гэтым пераможцаў у намінацыях вызначае журы, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі прыкладна трох дзясяткаў арганізацый.

belapan.by