Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк пачне працаваць у студзені 2021 года



Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк пачне працаваць у студзені 2021 года, паведаміў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Сяргей Сачко.

Галоўная мэта тэхнапарка – рэалізацыя новых адукацыйных праграм, праграм дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі, якія будуць накіраваны на выяўленне і развіццё ў вучняў здольнасцяў да навукова-даследчай работы, вынаходніцтва і рацыяналізатарства. Праграмы будуць рэалізавацца як у вочнай, так і ў дыстанцыйнай завочнай форме. «Мы плануем, што дзіцячы тэхнапарк будзе працаваць круглы год, але па асноўных сваіх праграмах і напрамках – з верасня па чэрвень уключна. Ліпень-жнівень – месяцы аздараўленча-адукацыйных змен», – сказаў Сяргей Сачко.

Калі гаварыць аб узросце, то пераважна ў тэхнапарку будуць праходзіць навучанне вучні 9-11-х класаў у групах ад 7 да 10 чалавек. Змена будзе да 24 дзён. «Плануем тры этапы адбору. Першы – дыстанцыйны, калі юнакі і дзяўчаты адпраўляюць на сайт Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка заяўку і ў далейшым сваю творчую работу або нейкі праект. Экспертны савет, які будзе працаваць у дзіцячым тэхнапарку, ацэніць гэту работу, і мы пяройдзем ужо да другога этапу, на якім моладзь будзе праходзіць тэставанне. Адразу да другога этапу дапускаюцца вучні, якія маюць дасягненні, – пераможцы розных алімпіяд, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. На трэцім этапе навучэнцы будуць праходзіць гутарку, якая дасць магчымасць вызначыць, у якім напрамку і ў якой лабараторыі кожны з іх будзе працаваць», – адзначыў дырэктар цэнтра.

У Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку плануецца арганізаваць 15 такіх інавацыйных лабараторый па напрамках «робататэхніка», «авіякосмас», «зялёная хімія», «інжынерная экалогія», «біялогія». «Акрамя вучняў 9-11-х класаў тэхнапарк змогуць наведваць і вучні сярэдніх школ малодшага ўзросту. Мы плануем для іх туры выхаднога дня, дзе ў фармаце экскурсій, прафарыентацый групы на адзін-два дні будуць прыязджаць і знаёміцца ​​з работай лабараторый тэхнапарка. Таксама плануем стварыць на базе тэхнапарка інтэрактыўныя пляцоўкі, якія будуць расказваць аб тых прафесіях, якія сёння каціруюцца ў свеце, будуць прафесіямі будучыні. Я ўпэўнены, што гэта ўстанова будзе запатрабавана», – дадаў ён.

БелТА