Нацыянальны саюз журналістаў Украіны вылучыў БАЖ на прэмію ЮНЕСКА



Нацыянальны саюз журналістаў Украіны (НСЖУ) вылучыў Беларускую асацыяцыю журналістаў намінантам на атрыманне Сусветнай прэміі ЮНЕСКА/Гільерма Кана за ўнёсак у справу свабоды друку. Адпаведнае рашэнне было прынятае сакратарыятам НСЖУ і накіраванае ў штаб-кватэру ЮНЕСКА ў Парыжы, гаворыцца ў заяве, размешчанай на сайце арганізацыі.

У НСЖУ канстатавалі, што БАЖ аказвае дапамогу журналістам, якія пацярпелі падчас працы на акцыях пратэсту, што распачаліся летам мінулага года, і асудзілі вобшукі ў офісе і ў супрацоўнікаў арганізацыі, якія прайшлі 16 лютага.

„Літаральна ўчора мы ўсе былі сведкамі хвалі новых рэпрэсій — вобшукаў у офісе БАЖ у Менску і кватэрах кіраўнікоў асацыяцыі, незалежных журналістаў і праваабаронцаў, — адзначае старшыня НСЖУ Сяргей Таміленка. — Гэта грубая атака на свабоду слова і на свабодную журналістыку, гэта ціск на адвакатаў незалежных журналістаў. Нацыянальны саюз журналістаў Украіны знаходзіцца ў прамым кантакце з БАЖ, мы салідарныя з беларускімі калегамі, сумесна з калегамі з іншых еўрапейскіх краін прыцягваем увагу да рэпрэсаваных беларускіх журналістаў”.

Прэмія ЮНЕСКА/Гільерма Кана за ўнёсак у справу свабоды друку была заснаваная ў 1997 годзе ў гонар калумбійскага журналіста Гільерма Кана, які загінуў падчас выканання свайго прафесійнага абавязку. Гэтай прэміяй штогод ушаноўваюцца асобы або арганізацыі, якія ўнеслі выдатны ўклад у абарону або развіццё свабоды прэсы ў розных краінах свету, асабліва калі гэта было звязана з небяспекай для жыцця. Прэмія штогод прысуджаецца з нагоды Сусветнага дня свабоды прэсы 3 траўня. Лаўрэат абіраецца генеральным дырэктарам ЮНЕСКА на аснове ацэнак і рэкамендацый, выказаных аўтарытэтным журы.

Раніцай 16 лютага ў розных гарадах Беларусі пачаліся вобшукі ў журналістаў і праваабаронцаў.

Падчас вобшуку ў офісе БАЖ канфіскаваныя тэхніка, сейф, папка з заявамі на ўступленне ў арганізацыю, некаторыя асобнікі часопіса „Абажур”. Офіс апячатаны. Вобшукі ў БАЖ, а таксама ў журналістаў і праваабаронцаў у рэгіёнах праводзяцца ў межах расследавання справы на падставе арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса, паведаміў Следчы камітэт.

„У межах папярэдняга расследавання з мэтай устанаўлення абставінаў фінансавання пратэставай дзейнасці следствам ініцыяванае правядзенне вобшукаў у арганізацыях, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя. Правядзенне працэсуальных дзеянняў даручанае супрацоўнікам ГУБАЗіК МУС і санкцыянаванае Генеральнай пракуратурай. Канчатковая прававая ацэнка сітуацыі будзе дадзеная пасля правядзення ўсяго комплексу працэсуальных дзеянняў”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы СК.

belapan.by