Назіральніка Віталя Паўлава пакаралі штрафам
У Воршы вынесены прысуд па справе актывіста Віталя Паўлава. Разгляд некалькі разоў пераносіўся, а прысуд стаў абвінаваўчым.
Віталя Паўлава, які назіраў за ходам парламенцкіх выбараў на ўчастку ў школе № 5 горада Воршы, пакаралі штрафам у дзве базавыя велічыні за нецэнзурную лаянку. Сам актывіст адмаўляе абвінавачанні і называе справу палітычнай. На вырашальным судовым пасяджэнні не было важнага сведкі – супрацоўніка міліцыі, адзначае актывіст:
– Сказалі, што 42 рублі дзяржаве павінен, довады мае не ўлічылі. Была жанчына-заяўнік, яе адзін сведка і пажарнік. Міліцыянта не было, была папера з міліцыі, што яго адправілі ў Копысь. Свае довады даводзілі, яны свае – прыдуманыя. Тут важна, як улады на гэта глядзяць, як улады глядзяць, так ланцужок у іх і выбудоўваецца.
Віталь Паўлаў быў затрыманы міліцыяй 12 верасня, на наступны дзень пасля выбараў. Толькі ў пастарунку ён даведаўся, што яго вінавацяць у нецэнзурнай лаянцы. Назіральнік мяркуе, што справу на яго завялі ў сувязі з ягонай актыўнасцю і фіксацыяй шэрагу парушэнняў у выбарчым працэсе.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя