Назіральніку за парламенцкімі выбарамі прысудзілі два гады “хіміі” з накіраваннем



Менчук Аляксандр Аграйцовіч назіраў за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі ў 2019 годзе і заўважыў там шмат парушэнняў.  29 траўня 2020 года на сваім youtube-канале ён выклаў відэа пад назвай «Учителя творят „черное”….» Там ён надрукаваў фота 12-ці сябраў выбарчай камісіі школы N187 горада Менска і распавёў, якія парушэнні тыя зрабілі. Пры гэтым у руках ён трымаў тапак. Гэта палічылі “паклёпам” у дачыненні да сябраў камісіі — яны і прызнаны пацярпелымі па справе.

А асудзілі Аляксандра па 188 артыкуле Крымінальнага кодэкса РБ. З прысудам ён не згодны:

– Калі б суд прысудзіў бы мне палову базавай велічыні, усё адно я гэты прысуд абскарджваў бы. Таму што я лічу, што я  не вінаваты. Як і раней лічыў, я лічу, што гэтыя людзі сфальсіфікавалі гэтыя выбары. Мая думка, што Бегунова Марына, Дасько Марына, Злаціна Анжаліка, Клябанава Святлана, Кучук Ірына, Мазур Інна, Мірановіч Людміла, Новікава Эла, Пажыток Елена, Расенік Віталіна, Сецкая Вольга, Слаўнікава Жанна, якія з’яўляліся чальцамі камісіі, і зараз з’яўляюцца пацярпелымі, што яны гэтыя выбары сфальсіфікавалі, таму я лічу, што ніякіх ілжывых домыслаў я не данасіў, я сказаў толькі праўду.

Дзяржабвінаваўца запатрабаваў Аляксандру Аграйцовічу пакаренне ў адзін год “хіміі” з накіраваннем, але суддзя Дзмітрый Астапенка вынес прысуд у два гады.

Відэа «Учителя творят „черное”….» паглядзець на youtube-канале ўжо нельга — па патрабаванні міністра інфармацыі Аляксандр абмежаваў доступ.

Беларускае Радыё Рацыя