Назіральнікі фіксуюць высокую яўку ў першы дзень датэрміновага галасавання



Назіральнікі кампаніі „Права выбару” фіксуюць высокую яўку выбаршчыкаў у першы дзень датэрміновага галасавання на выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў. Пра гэта паведаміў старшыня руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч.

Паводле яго слоў, назіральнікі кампаніі „Права выбару” 13 лютага, у першы дзень датэрміновага галасавання, прысутнічаюць на 24 участках. На большасці з іх у першай палове дня датэрмінова прагаласавалі прыкладна па 100 чалавек.

„У першай палове дня на некаторых участках прагаласавалі па 70-100 выбаршчыкаў. Прыходзяць арганізаванымі групамі, і частка ўдзельнікаў гэтых груп добра ведаюць членаў выбарчых камісій. Можа, з прадпрыемстваў прыходзяць. Таму што гэта не „студэнцкія акругі”, — распавёў Губарэвіч.

На думку палітыка, такая высокая яўка на участках, дзе прысутнічаюць незалежныя назіральнікі, дазволіць Цэнтральнай выбарчай камісіі паведаміць аб актыўнасці выбаршчыкаў у першы дзень датэрміновага галасавання на ўсіх участках. Як мяркуе Губарэвіч, яўка ў першы дзень можа скласці па розных акругах ад 3 да 7%.

На мінулых мясцовых выбарах, якія праходзілі ў сакавіку 2014 года, у першы дзень датэрміновага галасавання яўка склала 3,82%. У першы дзень датэрміновага галасавання на выбарах прэзідэнта ў кастрычніку 2015 года яўка выбаршчыкаў склала 4,49%. Падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2016 годзе яўка на выбарчых участках у першы дзень датэрміновага галасавання склала 4%.

Датэрміновае галасаванне на цяперашніх мясцовых выбарах будзе доўжыцца да 17 лютага. 18 лютага — асноўны дзень галасавання.

У кампанію назірання „Права выбару” ўваходзяць восем дэмакратычных грамадскіх і палітычных арганізацый: Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя „Зялёныя”, Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух „За Свабоду”, аргкамітэты па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” і Партыі свабоды і прагрэсу, прафсаюз РЭП.

belapan.by