Названы расейскі генерал, якога шукаюць па справе збітага „Боінга”



Шуканы Супольнай следчай групай фігурант справы пра збіты ва Ўкраіне „Боінг” з пазыўным „Дэльфін” – гэта галоўны інспектар Цэнтральнай вайсковай акругі, генерал-палкоўнік Мікалай Ткачоў. Да такой высновы прыйшлі ў супольным расследаванні група Bellingcat і журналісты The Insider.

На запісах, якія апублікавалі для пошуку сведкаў з Нідэрляндаў, да „Дэльфіна” звяртаюцца як да Мікалая Фёдаравіча. Журналісты высветлілі па адкрытых крыніцах, што Ткачоў – адзіны сярод цяперашніх расейскіх генералаў з гэтымі імем і імем па бацьку.

Каб параўнаць голас Ткачова з голасам „Дэльфіна” карэспандэнт The Insider сказаў генералу, што хоча зрабіць з ім гутарку пра Сувораўскую вучэльню. У нататцы выданне складае Ткачову прабачэнні за тое, што ўвяло яго ў такі зман.

Журналісты замовілі дзе незалежныя экспертызы для параўнання галасоў у ЗША і Літве. І там і там эксперты прыйшлі да высновы, што верагоднасць супадзення голасу надзвычай высокая.

Сам Ткачоў заявіў, што пасля вяртання з Сірыі (там ён працаваў галоўным вайсковым дарадцам) у 2012 годзе ён „з Екацерынбургу нікуды не выязджаў”, а летам 2014 года ва Ўкраіне не быў.

Беларускае Радыё Рацыя