Названыя страты ад крушэння самалёта ў Баранавічах



Старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Юрый Грамакоўскі назваў шкоду ад крушэння ваеннага самалёта ў раёне вул. Розы Люксембург раённага цэнтра.

„Пашкоджаныя вокны ў трох шматкватэрных дамах і ў двух індывідуальных. Таксама спецыялісты ЖРЭУ горада Баранавічы выявілі некалькі пашкоджанняў у даху аднаго з дамоў і ў цэласнасці вентыляцыйнай шахты. Таксама асколкамі пашкоджаныя чатыры аўтамабілі”, — цытуе чыноўніка гарвыканкам.

Паводле слоў Грамакоўскага, праведзенае абследаванне будынкаў і збудаванняў, размешчаных паблізу месца падзення самалёта. Спецыялісты ўстанавілі, што пагрозы будынкам няма.

Падчас падзення самалёта пацярпеў мясцовы жыхар: у мужчыны дыягнаставаны пералом перадплечча. Пацярпелы шпіталізаваны.

Днём 19 мая пад Баранавічамі пацярпеў крушэнне ваенны самалёт лідскай штурмавой авіябазы Як-130.

„Пры выкананні навучальна-трэніровачнага палёту экіпаж выявіў тэхнічную няспраўнасць, — паведаміла Міністэрства абароны. — Праявіўшы мужнасць і гераізм, пілоты імкнуліся адвесці самалёт ад населенага пункта. Пераканаўшыся, што траекторыя падзення самалёта знаходзіцца па-за жылымі дамамі, лётчыкі катапультаваліся. На жаль, абодва лётчыкі загінулі”.

Палёт выконвалі камандзір звяна навучальна-баявой эскадрыллі 116-й штурмавой авіябрыгады (ШАБ) маёр Андрэй Нічыпарчык і лётчык звяна навучальна-баявой эскадрыллі 116-й ШАБ лейтэнант Мікіта Куканенка.

У сувязі з гібеллю лётчыкаў мясцовыя ўлады адмянілі свята, прымеркаванае да 150-годдзя горада, якое было запланаванае на 21-22 мая.

Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта распачало крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 465 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў палётаў або падрыхтоўкі да іх альбо іншых правілаў эксплуатацыі ваенных лятальных апаратаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх або больш асоб).

БелаПАН