Не плаціць падатак за „дармаедства”!



Такім быў лейтматыў сходу “дармаедаў”, арганізаванага актывістамі грамадзянскай кампаніі “Гавары Праўду”, які адбыўся пад лозунгам скасавання дэкрэту “аб дармаедах”.

Незадаволеных дэкрэтам у шматкорць больш, чым агучыў Лукашэнка на сваёй нядаўняй прэс-канферэнцыі, кажа адна з лідараў грамадзянскай кампаніі “Гавары Праўду” Таццяна Караткевіч.

– Мы пачулі ад Лукашэнкі, што сёння каля тысячы чалавек быццам бы супраць. Мы пачалі разбірацца, адкуль гэтая лічба ўзялася. Аказалася, што столькі чалавек звярнуліся ў дзяржаўныя органы з тымі ці іншымі просьбамі па нявыплаце гэтага падатку. Таму трэба пераходзіць да дзеянняў, якія сама дзяржаўная сістэма можа вымераць. І гэта такія дзеянні, якімі з’яўляюцца подпісы і  персанальныя асабістыя звароты да ўлады.

У Сходзе дармаедаў узялі ўдзел каля 50 асоб, у тым ліку з рэгіёнаў Беларусі, а таксама эксперты і журналісты, якія абмеркавалі негатыўны грамадскі эфект ад памянёнага дэкрэту. Удзельнікі сходу падпісалі лісты на адрас прэзідэнта Беларусі, а таксама прынялі калектыўны зварот да Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем неадкладна скасаваць дэкрэт аб „дармаедах”.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота zapraudu.info