Не тыя рэчы развесіў на балконе. Штраф 10 базавых
Полацкага актывіста, лідара суполкі СПБ на прадпрыемстве “Полацк-Шкловалакно”, праваабаронцу і журналіста Віктара Стукава аштрафавалі на 270 рублёў (10 базавых велічынь) за парушэнне артыкула 23.34 КаАП.
Паводле міліцэйскага пратаколу, ён зладзіў аднаасобны пікет, вывесіўшы на балконе бел-чырвона-белы сцяг, і суддзя Полацкага суда Віктар Баліка падтрымаў гэтае абвінавачанне. На думку актывіста, яно бязглуздае:
– З іхных словаў, я зладзіў на балконе пікет – масавае мерапрыемства без дазволу мясцовых уладаў. Я так зразумеў, што цяпер, калі я буду сушыць бялізну, я мушу пісаць заяву да ўладаў і прасіць дазволу павесіць бялізну розных колераў.
Віктар Стукаў мяркуе, што варта сабраць подпісы суседзяў і даслаць ліст у райвыканкам: няхай там патлумачаць, якія рэчы можна сушыць на балконе, а якія – нельга. Прысутныя на судзе сябры і блізкія актывіста таксама абураюцца як пакараннем, так і самім прадметам разбіральніцтва:
-Што гэта за масавае мерапрыемства на зашклёным балконе? Павесь любую анучку, і цябе могуць звінаваціць? Нават суддзі было няёмка, бо такое ўражанне, што мы жывём зараз у нейкім абсурдзе.
-Атрымліваецца так, што, калі ты ў сваёй кватэры павесіў белыя і чырвоныя стужкі, палатніну бел-чырвона-белую, то гэты ўчынак падлягае судоваму пакаранню? Гэта ж несправядліва!
Суд над Віктарам Стукавым адбыўся пасля таго, як актывіста 72 гадзіны трымалі за кратамі. 17-га снежня яго схапілі на вуліцы і адвезлі ў міліцыю нібыта за тое, што ён перайшоў дарогу ў неналежным месцы. Але ў пастарунку яму далі на подпіс пратакол пра сцяг на балконе. Віктар Стукаў мяркуе, што за ім сачылі і падпільнавалі адмыслова, і што змясцілі ў ІЧУ, каб застрашыць. Або дзеля таго, каб ён не змог трапіць у суботу ў Менск на мерапрыемства, дзе абмяркоўвалася дзейнасць незалежных прафсаюзаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Полацк
