Выдаўца Андрэя Янушкевіча і кнігараспаўсюдніка Алеся Яўдаху дапыталі ў ДФР (абноўлена)



Кнігараспаўсюднік Алесь Яўдаха адпушчаны на волю пасля допыту. „Дома, але пад падпіскай”, — напісаў Яўдаха на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.

* * * 

Заснавальніка прыватнага выдавецтва „Янушкевіч” Андрэя Янушкевіча 15 студзеня павезлі на допыт у дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, паведамляе Беларускі ПЭН-цэнтр на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.

Як адзначаецца, у памяшканні выдавецтва праведзены агляд, канфіскаваныя стацыянарны камп’ютар і ноўтбукі.

Акрамя таго, сёння раніцай кнігараспаўсюднік Алесь Яўдаха паспеў паведаміць, што ў дамафон яго кватэры пазванілі міліцыянеры. Пасля гэтага ён перастаў выходзіць на сувязь. Саюз беларускіх пісьменнікаў на сваім сайце паведамляе са спасылкай на сяброў Яўдахі, што яго затрымалі і таксама павезлі ў ДФР КДК. З кватэры канфіскавалі тэлефон, ноўтбук і шэраг кніг.

Напярэдадні ў Мінску затрымлівалі дырэктара прыватнага выдавецтва „Кнігазбор” Генадзя Вінярскага і дызайнера Анатоля Лазара (Wiecier Mechaniczny). Паведамлялася, што да Вінярскага прыйшлі з аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, да Лазара — з фінансавай міліцыі. У абодвух канфіскавалі тэхніку. Увечары таго ж дня пасля допыту яны былі адпушчаныя на волю пад падпіску аб неразгалашэнні матэрыялаў крымінальных спраў.

belapan.by