Неанацыст спрабаваў падпаліць натарыяльную кантору ў Менску
Супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС выкрылі зламыснікаў, якія спрабавалі ў ноч на 21 верасня падпаліць натарыяльную кантору ў Менску.
Як паведамляе МУС Беларусі, было ўстаноўлена, што менчук, які нідзе не працуе, з-за непрыязнага стаўлення да натарыуса, якое ўзнікла пры вырашэнні пытання аб спадчыне, за грошы ўгаварыў непаўналетняга навучэнца каледжа падпаліць натарыяльную кантору. Падлетак (актыўны ўдзельнік каляфутбольнага руху, прыхільнік неанацысцкай ідэалогіі, мае нязнятую і непагашаную судзімасць за злоснае хуліганства) пагадзіўся на прапанову. Ён разбіў каменем шкло ў будынку, дзе размешчана кантора, і кінуў туды бутэльку з запальнай сумессю. Кошт пашкоджанай агнём маёмасці высвятляецца.
Па матэрыялах пятага ўпраўлення (па Менску) ГУБАЗіК МУС у дачыненні да затрыманых Следчым камітэтам распачата справа па ч. 2 арт. 218 КК (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, учыненае агульнанебяспечным спосабам). Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 10 гадоў. Абрана мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
У дачыненні да паўналетняга дадаткова распачата справа па ч. 3 арт. 172 КК (уцягванне непаўналетняга ва ўчыненне цяжкага злачынства).
