Некалькі тысяч чалавек сабраліся на плошчы Перамогі ў Віцебску



Паўтары гадзіны людзі стаялі ў цэнтры горада: ахвотныя гаварылі ў «вольны мікрафон», нехта вітаў аўтамабілістаў, якія сігналілі маніфестантам, нехта проста зносіўся са сваімі знаёмымі. Шмат хто з мясцовых жыхароў прыйшоў не толькі з нацыянальнымі сцягамі або паветранымі шарыкамі белага і чырвонага колераў. Людзі намалявалі плакаты і нават карціны, каб прадэманстраваць сваю грамадзянскую пазіцыю.

Пастаяўшы пэўны час на плошчы Перамогі, людзі накіраваліся ў цэнтр Віцебска. Нехта пайшоў дахаты, але досыць вялікая калона падышла да будынка аблвыканкама, усталявала на ім бел-чырвона-белы сцяг, потым скіравалася да абласной міліцэйскай управы і следчага ізалятара, дзе дагэтуль утрымліваюць пад вартай некалькі апазіцыйных актывістаў. Моладзь мае намер прайсці па розных раёнах горада, і каля 21-й вечара яшчэ раз сабрацца на плошчы Перамогі, каб спяваць песні.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск