Нелегальнага алкаголю ўжо канфіскавана больш, чым за ўвесь мінулы год



За першую палову 2017 года нелегальнага алкаголю ў краіне канфіскавана больш, чым за ўвесь мінулы год, паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Менску 19 ліпеня в. а. начальніка аддзела арганізацыі працы ўчастковых інспектараў міліцыі ўпраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Вольга Сакалоўская.

У студзені-чэрвені праваахоўныя органы канфіскавалі з нелегальнага абароту прыблізна 800 тыс. літраў вадкасцяў з утрыманнем спірту, з іх 284,8 тыс. — самагону і самагоннай брагі, 477,2 тыс. — звычайнага алкаголю. У насельніцтва канфіскаваныя 853 самагонныя апараты.

За ўвесь 2016 год было канфіскавана і знішчана 512,5 тыс. літраў самагону і самагоннай брагі і 138,8 тыс. літраў нелегальнай алкагольнай прадукцыі. За незаконны абарот алкаголю прыцягнута да адказнасці прыблізна 14 тыс. чалавек.

Паводле слоў Сакалоўскай, якасць канфіскаванага спіртнога праваахоўнікі не ацэньваюць. „Калі на алкаголі няма акцызаў, не зразумела, як і дзе яно разлітае, то такое спіртное ў продаж не паступае, а адразу знішчаецца”, — сказала яна.

Аднак, падкрэсліла прадстаўнік МУС, прычынай 90% смяротных атручэнняў алкаголем з’яўляецца не якасць выпітага, а яго вялікая колькасць.

Паводле інфармацыі Сакалоўскай, у стане алкагольнага ап’янення ў краіне здзяйсняецца кожнае чацвёртае злачынства, сярод іх высокая доля цяжкіх і асабліва цяжкіх. 70-80% — гэта забойствы, рабаванні, разбой.

belapan.by