„Невядомая Амерыка” – выстава ў Берасці
109 арыгінальных кніг з ілюстрацыямі на ангельскай мове і 8 настольных гульняў можна знайсці на выставе ’’Невядомая Амерыка’’ ў аддзеле замежнай літаратуры берасцейскай абласной бібліятэкі імя Горкага.
Матэрыялы прадастаўлены Інфармацыйным цэнтрам Амбасады ЗША у Рэспубліке Беларусь.
Кніжная калекцыя складаецца з шасці модулей – невядомая культура, адукацыя, гісторыя, геаграфія, творчыя лабараторыі і кухня ЗША.
Як распавяла загадчык аддзелу замежнай літаратуры Таццяна Налобіна, 27 і 28 жніўня таксама плануецца сустрэча чытачоў і супрацоўнікаў бібліятэкі з гасцямі:
– Выстава ў нас толькі да 28-га жніўня, пасля яна паедзе ў Менск. На выставе “Невядомая Амерыка” прадстаўнікі інфармацыйнага цэнтру амбасады ЗША пакажуць, раскажуць і нават дадуць паспрабаваць зрабіць нешта на 3D прынтары. Пакажуць як карыстацца 3D ручкамі і што такое мэйкі-мэйкі.
Цягам двух дзён будуць дэманстравацца высокатэхналагічныя прылады. Творчую майстэрню будуць ладзіць прадстаўнікі Інфармацыйнага цэнтру Амбасады ЗША ў Рэспубліке Беларусь з горада Менску.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
