Страляніна ў цэнтры Масквы (абноўлена)



ФСБ Расеі разглядае стральбу ў прыёмнай на Лубянцы як тэракт. Спецслужба афіцыйна пацвердзіла, што зламыснікаў было трое –  пра гэта са спасылкай на прэс-службу ведамства піша агенцтва гарадскіх навін «Масква». Двое былі застрэленыя на месцы нападу. Адзін выбег на вуліцу і праз нейкі час вёў перастрэлку з сілавікамі, а пасля забарыкадаваўся ў адным з будынкаў на Вялікай Лубянцы і праз гадзіну, у выніку спецаперацыі  быў забіты.

Пры гэтым супярэчлівыя звесткі пра колькасць нападнікаў прыводзіць «Інтэрфакс», які таксама са спасылкай на ФСБ кажа толькі пра аднаго зламысніка. Акрамя таго, пацверджана смерць паліцыянта, які ў момант нападу дзяжурыў каля будынка прыёмнай. Два прадстаўнікі  ФСБ атрымалі вельмі цяжкія раненні. Стала вядома, што адзін з іх памёр. На дадзены момант рух у раёне Лубянкі часткова адкрыты.

* * * 

Невядомы адкрыў страляніну каля будынка прыёмнай ФСБ ў цэнтры Масквы. Вуліцы ў раёне Лубянкі перакрытыя, людзей эвакуююць і высаджваюць з грамадскага транспарту.

На відэазапісах ў сацыяльных сетках відаць, як людзі разбягаюцца па вуліцах пад выццё сірэн, паведамляе « Эхо Москвы».  Афіцыйных дадзеных пра колькасць пацярпелых і загінулых няма. У шэрагу тэлеграм-каналаў пішуць пра двух загінулых, у іншых – пра трох. Па некаторых звестках ахвярамі сталі супрацоўнікі ФСБ ці ФСО. РБК піша, што па некаторых звестках каля пад’езда будынка зараз рыхтуецца штурм. Нібыта там схаваўся адзін з нападнікаў. У гэтыя хвіліны «Інтэрфакс» са спасылкай на ФСБ піша, што злачынец забіты. Яго асоба высвятляецца.

Фота Reuters © Shamil Zhumatov