Невядомы паведаміў пра „мініраванне” рэстарана хуткага харчавання ў Менску



Невядомы паведаміў пра мініраванне рэстарана хуткага харчавання ў Менску, аднак гэтая інфармацыя не пацвердзілася, паведаміла ў тэлеграм-канале прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава.

„Сёння каля 7 раніцы ў аператыўна-дзяжурную службу ГУУС Менгарвыканкама паступіла паведамленне ад работнікаў установы грамадскага харчавання, што на праспекце Дзяржынскага. Па электроннай пошце ў арганізацыю прыйшло паведамленне ад невядомага пра нібыта закладзеную выбуховую прыладу ў згаданым будынку”, — гаворыцца ў паведамленні.

На месца надзвычайнага здарэння прыбылі сапёрна-піратэхнічныя і следча-аператыўныя групы. Персанал установы самастойна пакінуў будынак, наведвальнікаў усярэдзіне не было, распавяла Чамаданава.

Пры абследаванні памяшкання небяспечных рэчываў не выяўлена.

На месцы працягвае працаваць следча-аператыўная група.

Як паведамлялася, 6 ліпеня ў аператыўна-дзяжурную службу МУС паступіла паведамленне аб мініраванні 12 аб’ектаў у Віцебску, сярод якіх гандлёвыя цэнтры і ўстановы адукацыі. Інфармацыя таксама апынулася непраўдзівай.

Раней Следчы камітэт паведамляў, што з пачатку мінулага года ў Беларусі было распачата больш за 40 крымінальных спраў па фактах заведама лжывага паведамлення пра небяспеку. Праваахоўнікам пакуль не ўдалося выявіць асоб, якія дасылалі праз інтэрнэт паведамленні пра мініраванне шэрагу будынкаў у краіне.

belapan.by