Невядомым застаецца судовае рашэнне ў дачыненні да пінчука Алега Ардзюка



Невядомым застаецца судовае рашэнне ў дачыненні да 23-гадовага пінчука Алега Ардзюка, але вырак дакладна вынесены ў сярэдзіне сакавіка.

Палітвязень з’яўляецца 27-м фігурантам гучнай “пінскай справы”. Яго абвінавацілі ва ўдзеле 9-10 жніўня 2020 года ў “масавых беспарадках”. Артыкулам прадугледжана зняволенне ад 3 да 8 гадоў. “Інфармацыя ўдакладняецца, але шмат перашкод”, – тлумачыць грамадская дзяячка Вераніка Іванова:

– Сёння сітуацыя такая, што нават звычайныя адміністрацыйныя працэсы праходзяць у рэжымы строгай сакрэтнасці. Я думаю, што ідэалагічна павестка такая, што нельга даваць насельніцтву ніякай інфармацыі. Нам на сённяшні дзень невядомы не толькі вынікі суду, но і нават блакавана ліставанне з тымі, хто ўжо адбывае пакаранне.

На думку суразмоўцы, афіцыйных паведамленняў няма з-за таго, каб больш не нагадваць пра пінскія падзеі ў жніўні 2020 года. Улады разумеюць, што прысуды вельмі негатыўна успрымаюцца людзьмі. Што датычыць сваякоў Алега Ардзюка, то яны адмаўляюцца ад кантактаў і знаходзяцца пад уплывам сілавікоў.

Беларускае Радыё Рацыя