Невядомыя на час захапілі тэлеграм-канал „Нашай Нівы” і выдалілі 1.300 падпісчыкаў



Ноччу невядомыя часова захапілі тэлеграм-канал выдання „Наша Ніва” і выдалілі 1.300 падпісчыкаў, паведамляе рэдакцыя nn.by.

Зламыснікі атрымалі на час доступ да тэлеграм-канала, узламаўшы акаўнты трох супрацоўнікаў, у тым ліку намесніка галоўнага рэдактара Дзмітрыя Панкаўца.

Як адзначае рэдакцыя, такія спробы ўзлому адбываюцца другую ноч запар — прыкладна ў тры гадзіны супрацоўнікі „НН” атрымліваюць паведамленні аб спробе ўзлому.

„Захопленыя акаўнты рэдакцыі змянілі назву канала на непрыстойную, выдалілі ўсе навіны за 25 сакавіка і пачалі блакаваць падпісчыкаў. Ім удалося выдаліць каля 1.300 падпісчыкаў, пакуль адміністратар „НН” не аднавіў кантроль над каналам”, — гаворыцца ў паведамленні.

Хто мог гэта зрабіць, рэдакцыі пакуль не вядома. „Але цікава, што спрабавалі ўзламаць не толькі телеграм-акаўнты супрацоўнікаў „Нашай Нівы”, але і пазаштатных супрацоўнікаў. Некалькі месяцаў таму Следчы камітэт запытаў кантактныя дадзеныя кожнага з іх”, — адзначае рэдакцыя выдання.

Па стане на 9.00 26 сакавіка тэлеграм-канал „Нашай Нівы” мае больш як 89,3 тысячы падпісчыкаў.

belapan.by