Невядомыя разбілі фірмовую шыльду ТБМ у Менску



Невядомыя разбілі фірмовую шыльду Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны на ўваходзе ў менскі офіс (вул. Румянцава, 13, каля плошчы Перамогі). Гэта здарылася 22 або 23 красавіка, паведаміла кіраўніцтва арганізацыі ў паведамленні для прэсы.

„Гэта сведчыць аб тым, што актывізацыя дзейнасці ТБМ у справе пашырэння беларускай мовы ва ўсіх сферах нашага жыцця не да спадобы розным шавіністам і манкуртам. Гэта не першая акцыя вандалаў, падчас якіх яны рабілі розныя напады на нашу сядзібу”, — гаворыцца ў рэлізе.

У „найбліжэйшы час” кіраўніцтва ТБМ адновіць пашкоджаную шыльду. У органы правапарадку яно вырашыла не звяртацца, бо „папярэдні досвед сведчыць пра тое, што злачынцы не будуць адшуканыя і пакараныя”.

Першая намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім у 2016 годзе стала дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

 

БелаПАН

Фота ТБМ