Невялікая перамога Змітра Лупача
Суд Докшыцкага раёна спыніў справу ў адносінаў да глыбоцкага журналіста-фрылансера Змітра Лупача. Як агучыў суддзя Вячаслаў Елісеенка, у сувязі з недаказанасцю вінаватасці фізічнай асобы, у адносінах якой вядзецца адміністрацыйны працэс. Падчас судовага працэсу была выяўленая неадпаведнасць даты і часу правапарушэння. Змітру ўдалося даказаць, што 19 красавіка ён быў у іншым месцы, а людзей запісваў не ў гэты дзень.
Паводле Змітра Лупача, у яго быў час, каб як след падрыхтавацца да працэсу і пракансультавацца ў адваката. Таму і атрымалася вось такая невялікая перамога.
– Я лічу, што гэта ў многім дзякуючы дапамозе адваката і таму, што ўчора быў суд над Таццянай Смоткінай. Я ўчора напісаў заяву, што хачу азнаёміцца з матэрыяламі справы. У мяне быў час іх прагледзіць. Бо я ніколі іх не чытаў: гэта вельмі нудныя дакументы. А тут я ехаў у Менск, меў час, таму перагледзеў, знайшоў некалькі недакладнасцяў і пракансультаваўся ў адваката. Я дакладна ведаю, што здымаў не 19-га.
Нагадаем, журналіста-фрылансера судзілі за парушэнне артыкула 35 “Закона аб СМІ”, за якое прадугледжвалася адказнасць па частцы 2 артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Сёлета гэта быў пяты па ліку суд у Змітра Лупача. На чарзе яшчэ два суды ў Глыбокім і Паставах.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае
