Незалежную журналістку Тамару Шчапёткіну зноў выклікаюць у суд



Журналісту-фрылансеру Тамары Шчапёткінай надаецца асаблівая ўвага з боку Бярозаўскага суда. На чарговы судовы працэс яе запрасілі не толькі позвай, але і дадаткова па тэлефоне.

Сакратар суддзі Наталлі Вакульчык папярэдзіла пра судовы працэс, а таксама пра тое, што ў сераду яна атрымае дадатковую позву, кажа Тамара Шчапёткіна:

– У 10 гадзін па гарадскому тэлефону жаночы голас папярэдзіў пра тое, што ў суд прыйшоў адміністрацыйны пратакол з міліцыі, і судовы працэс па гэтаму пратаколу адбудзецца 5-га лістапада ў 10:30. Але трэба адзначыць, што суддзя Наталля Вакульчык, да якой трапіў гэты пратакол першапачаткова, вярнула яго на дапрацоўку. Мяне выклікалі ў другі раз, каб дапрацаваць гэты пратакол.

Журналістку абвінавачваюць у працы для Беларускага Радыё Рацыя без акрэдытацыі. Гэтым разам за матэрыял “У Белаазёрску прэзентавалі юбілейны нумар Жырандолі”. І хоць яна ў матэрыяле не фігуруе, загадчыца бібліятэкі прадставіла міліцыі здымкі, дзе Шчапёткіна бярэ інтэрв’ю ў пісьменнікаў. Гэтага хапіла для складання адміністрацыйнага пратакола.

Нагадаем, што гэта ўжо чацвёрты суд за тры апошніх месяцы. Журналістка пакарана штрафам больш за 2000 беларускіх рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце