“Ні слова пра вайну” на беларуска-расейскім памежжы



21-га верасня ў Міжнародны дзень міру ў Воршы адбыўся перфоманс „Ні слова пра вайну”. Аўтарка і выканаўца перфомансу – беларуска-ізраільская мастачка Таня Тур.

Дзеянне адбывалася ў будынку аднаго з закінутых заводаў Воршы.

На прагляд перфомансу прыйшлі грамадскія актывісты, журналісты і настаўніцы.

Таня Тур гаворыць: “Гэты перфоманс накіраваны супраць прапаганды вайны. Мір можа скончыцца ў любую секунду. Мы нават не зразумеем, што гэта адбылося. Аднойчы я вярталася ў працы ў Ерусаліме. Быў Шабат.  У Шабат аўтобусы не ходзяць. Я ішла пешшу. Раптам завыла сірэна. Гэта нетыпова для Ерусаліма, бо раней да Ерусаліма бомбы не даляталі. Там быў прамежак дарогі, дзе няма ніякіх будынкаў, па ёй трэба ісці хвілін 15. І як толькі я падыйшла да гэтай дарогі, уключылася сірэна. І калі чуеш сірэну, унутры ўсё пераварочваецца, і твой свет ператвараецца ў нешта падобнае ці то да кампутарнай гульні, ці то да страшнага фільма апакаліптычнага. І здаецца – усё цяпер на цябе ўпадзе бомба, і цябе больш не будзе. Усё адбылося вельмі раптоўна. Я гэтага не чакала. Мне не было, дзе схавацца. Я  падумала і вырашыла: “Паміраць дык з музыкай!”.  Надзела навушнікі. Ішла і спявала ў горадзе. Бомба пасля разарвалася недзе ў пустым месцы”. 

Таня Тур вядомая як аўтарка перфоманса “За сцяной”, які яна падрыхтавала і паказала разам з мастаком Алесем Пушкіным у ліпені 2018 года ў Віцебску.

У кастрычніку 2018 года ў Менску Таня Тур плануе зладзіць перфоманс, прысвечаны праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі. Паказ адбудзецца ў межах Тыдня супраць смяротнага пакарання.   

Беларускае Радыё Рацыя