Ніна Багінская: Будуць прадаваць мой зямельны ўчастак



Пенсіянерка Ніна Багінская, якую днямі зноў пакаралі на 1050 рублёў за пікет ля будынка КДБ, распавядае пра тое, чаму яна не збіраецца адмаўляцца ад сваіх пратэстных акцый.

РР: Колькі штрафаў вам ужо налічылі за апошні час за ўдзел у розных акцыях?

Ніна Багінская: Я кінула весці падлік яшчэ напрыканцы мінулага году, калі сума дасягнула 130-140 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Зараз, можа быць, ужо ёсць 20 тысяч рублёў, а можа і больш. Але, як ужо казала, прынцыпова адмаўляюся аплочваць штрафы, бо, па-першае, не хачу дапамагаць грашыма гэтай дзяржаве. І, па-другое, не лічу, што выпісваць грашовае пакаранне за мірныя пікеты – гэта справядліва. Навошта ж тады я буду падтрымліваць беззаконне?

РР: У мінулым годзе, каб спагнаць з вас грошы, ваша лецішча было выстаўлена на аукцыён. Які лёс маёмасці?

Ніна Багінская: Яго так і не прадалі. Рэзананс па гэтай справе быў вялікі, а многія ж людзі глядзяць і чытаюць не толькі дзяржаўныя СМІ. Каму захочацца купіць на аукцыёне лецішча, з-за якога такі розгалас, і з-за якога чалавек можа затым мець дадатковыя праблемы для сябе? Таму, здаецца, тры аукцыёны прайшлі, але не знайшлося ніводнага пакупніка. Праўда, зараз вырашылі выставіць на аукцыён яшчэ і мой зямельны участак у Пухавічскім раёне. Як мне паведамілі, яго першапачатковы кошт – недзе ў раёне 1750 даляраў. Месца, шчыра кажучы, не вельмі добрае. Там балацістая мясцовасць, але мне там падабаецца, бо ў тых краях ягады добра растуць, і я заўсёды ездзіла туды з задавальненнем.

РР: Будзеце працягваць свае пратэсты альбо на гэтым спыніцеся?

Ніна Багінская: А каму я замінаю сваімі пікетамі? Міліцыя ў мяне забірае плакаты, але ж я бяру шпалеры, пэнзаль і ізноў пішу “Свабоду народу”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя