Ніна Шыдлоўская: Гэта страшная і ганебная фальсіфікацыя



Па словах  былой жонкі аднаго з актывістаў неіснуючай сёння арганізацыі „Белы легіён” Міраслава Лазоўскага Ніны Шыдлоўскай, у яе няма інфармацыі пра змену абвінавачвання затрыманым па так званай справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў.

Яно застаецца ранейшым – па частцы 3 артыкулу 293. Увогуле абвінавачанымі па гэтай справе з’яўляецца 35 чалавек. З іх за кратамі знаходзяцца 21.  Пра тое, што затрыманыя па гэтай справе нібыта абвінавачваюцца ў стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання, паведаміла газета „Советская Белоруссия”.

– Выглядае дзіўным, што праз газету і сваякі, і адвакаты, і ўся грамадскасць, і міжнародная супольнасць даведваюцца, што, аказваецца, ад пачатку гэтыя людзі былі забраныя па зусім іншым артыкуле. Хаця дакладна вядома, што распачата справа была менавата па артыкуле 293 частка 3. І абвінавачванне тым, каму было прад’яўлена, – у гэтым артыкуле, у гэтай частцы… Гэта цалкам мяне далейшы ход падзеяў, таму што, на маю думку, гэта яшчэ больш страшная і ганебная фальсіфікацыя справы.

Адвакаты будуць высвятляць, калі і на якіх падставах быў, ці не быў ўвогуле зменены артыкул з „падрыхтоўкі да масавых беспарадкаў” на „стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання”, – кажа Ніна Шыдлоўская.

Па яе словах, з’яўленне ў „Советской Белоруссии” падобнай інфармацыі, – гэта працяг спробаў з боку ўладаў запалохаць грамадства, збіць хвалю пратэстаў, увесці ў зман міжнародную супольнасць адносна гэтай справы, якая адназначна носіць палітычную афарбоўку, – падкрэсліла Ніна Шыдлоўская. 

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя