Ніну Багінскую ўганаравалі знакам імя Віктара Івашкевіча



Грамадская актывістка Ніна Багінская ўганараваная знакам імя Віктара Івашкевіча. Узнагароду ўрычыў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Цырымонія адбылася ў сядзібе партыі ў Менску. Увогуле, гэта чацьвёртае, пачынаючы  з 2014 году, ўручэнне знаку імя Віктара Івашкевіча.

Па словах Аляксея Янукевіча, рашэнне ўзнагародзіць Ніну Багінскую было прынята соймам партыі амаль адзінадушана. Уручаючы знак, палітык сказаў, што самаадданасць і мужнасць гэтай моцнай духам жанчыны, калі яна выходзіць на акцыі за незалежнасць краіны, за свабоду палітвязняў, калі ўздымае бел-чырвона-белы сцяг, – выклікаюць захапленне.

– Вы з’яўляецеся вельмі добрым прыкладам для кожнага беларуса. Вы ёсць сведчаннем таго, што сапраўдны змагар – гэта не той, хто важыць 150 кілаграмаў і мае рост пад два метры. Гэта тая асоба, якая мае моцны дух і адважнае сэрца. І гэта Вы, спадарыня Ніна. Для нас вялікі гонар быць з Вамі сучаснікамі.

Ніна Багінская падчас цырымоніі сказала, што абавязкова надыдзе час, калі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, за які зараз штрафуюць,  залунае над беларускімі гарадамі, над дзяржаўнымі ўстановамі.

– Homo soveticus  трэба ў сабе здушваць. Савецкая сістэма ляснулася, і мы мусім ісці наперад. І развіццё – за маладымі людзьмі.

Але і ў свае 70 год Ніна Багінская выходзіць амаль на ўсе дэманстрацыі апазіцыі. Шмат разоў яна затрымлівалася і была агулам аштрафавана больш чым на 18 тысячаў рублёў. Аднак прынцыпова адмаўляецца аплочваць гэтыя спагнанні, лічачы, што грошы пойдуць на ўмацаванне існуючага ў Беларусі рэпрэсіўнага і антынацыянальнага рэжыму.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя