Ніводзін прадстаўнік Партыі БНФ не ўключаны ў склад выбарчых камісій



Ніводзін прадстаўнік Партыі БНФ не ўключаны пакуль што ў склад тэрытарыяльных выбарчых камісіі. Хаця вылучана было 10 чалавек. Вылучаліся прадстаўнікі ў асноўным ў абласныя і менскую гарадскую выбарчую камісіі, – распавёў намеснік старшыні партыі Зміцер Салошкін.

– Калі раней асноўнай нагодай не зарэгістраваць апазіцыйнага кандыдата была адсутнасць досведу, напрыклад, або адсутнасць нейкай адукацыі, то зараз у нас не ўключылі такіх прадстаўнікоў як Зміцер Каспяровіч, які ўжо два разы працаваў у Менскай гарадской камісіі і мае добры досвед працы. Не ўключылі Ігара Лялькова, які быў назіральнікам і прадстаўніком у цэнтральнай выбарчай камісіі і таксама мае юрыдычную адукацыю і досвед.

Ёсць і іншыя выпадкі неўключэння ў камісіі дасведчаных і прынцыповых сябраў Партыі БНФ. Па словах Змітра Салошкіна, уладам непатрэбныя сябры камісій, якія б не замоўчвалі фактаў фальсіфікацый і завышэння яўкі.

„Мы будзем абскарджваць усе гэтыя адмовы ўключыць нашых прадстаўнікоў у склад камісій,” – запэўніў Зміцер Салошкін.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя