Ноў-хаў ад Гомельскага гарвыканкама і Дзяржаўтаінспекцыі



Гомельскі гарвыканкам прапаноўвае ўсталяваць камеры відэаназірання ля дваравых аўтамабільных парковак за грошы грамадзянаў. Адпаведнае распараджэнне было накіраванае ў жыллёвыя кааператывы Савецкага раёна абласнога цэнтра.

Вячаслаў, старшыня аднаго з жыллёвых кааператываў па праспекце Касманаўтаў: – Нам прапанавалі паставіць камеры відэаназірання за аўтастаянкамі. Мы на сходзе праўлення кааператыва адзінагалосна прынялі рашэнне, што не будзем ставіць гэтае відэаназіранне. У нас няма нават памяшкання, каб паставіць камп’ютар, які будзе запісваць інфармацыю з камераў. Хай гэтым займаецца адміністрацыя Савецкага раёна і міліцыя, якія маюць магчымасці выводзіць усе дадзеныя сабе на камп’ютары.

Неабходнасць у відэаназіранні за дваравымі аўтастаянкамі гарадскія ўлады тлумачаць кантролем за выкананнем Правілаў дарожнага руху і павелічэннем колькасці крадзяжоў з аўтамабіляў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель