Новая тактыка віцебскай міліцыі для “ізалявання” актывістаў
25-га сакавіка сёстры Станіслава і Сафія Цярэнцьевы правялі ў пастарунку. Спачатку ў адным, потым у другім, потым – у трэцім, і нідзе яны не атрымалі ўцямнага тлумачэння, чаму іх утрымліваюць пад вартай. У выніку Сафія Цярэнцьева была пазбаўлена свабоды перасоўвання на 9 гадзін, а Станіслава – на 5 гадзін.
Паназіраўшы за паводзінамі міліцыянтаў, дзяўчына пераканалася: на іх адпрацоўваюць новую тактыку:
– У іх такая схема: яны кажуць, што ёсць закон пра прафілактычныя гутаркі. І што з тымі, хто калісьці быў пакараны арыштам ці штрафам за ўдзел у пратэстах, гэтыя гутаркі можна праводзіць у любы час і столькі часу, колькі патрэбна. Таму яны будуць нас запрашаць на гутаркі, а потым вось так цягаць па ўсіх РАУСах, бо на кожны РАУС можна па тры гадзіны. Яны нават самі пра гэта жартавалі, бо ўсё ўсім было зразумела.
Позвы ў міліцыю ў Дзень Волі атрымаў шмат хто з віцебскіх актывістаў. Але для большасці з іх размовы з міліцыянтамі скончыліся хутка – пасля гутаркі пра пакаранні за ўдзел у несанкцыянаваных масавых акцыях. На вуліцах Віцебска міліцыянты затрымалі некалькі чалавек, іх сёння судзілі выязнымі судамі проста ў ізалятары часовага ўтрымання. Пакуль вядома толькі пра некаторыя вынікі. Так, суддзя суду Першамайскага раёну Вераніка Барысава пакарала арыштам на 25 сутак Крысціну Юдзіну. Дзяўчына прызнана вінаватай за тое, што сфатаграфавалася з бел-чырвона-белым сцягам.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск