Новы фільм пра Лукашэнку ужо сабраў 1 мільён праглядаў



Прэм’ера новага фільма „Лукашэнка. Залатое дно” адбылася на ютуб-канале Сцяпана Пуцілы восьмага сакавіка. З учорашняга вечара фільм набраў больш за мільён праглядаў. Большасць зместу фільма — гэта кампіляцыя фактаў, раней вядомых палітызаванай аўдыторыі.

Але для людзей, якія сталі цікавіцца сітуацыяй у Беларусі толькі апошнім часам, гэта інфармацыя будзе цікавай. Кіраўнік цэнтру „Еўрапейскі дыялог” Анатоль Лябедзька ў нашым эфіры адзначыў, што не ведаў пра свой удзел у фільме. Але сам фільм ён прызнае паспяховым:

– Для велічэзнай колькасці людзей, якія толькі зараз далучыліся ці далучаюцца да актыўнага грамадскага жыцця, гэта было падзеяй. Канцэнтрацыя фактаў, доказаў у адным месцы – гэта падзея на якую можна было патраціць свой асабісты час і паглядзець з задавальненнем. Я віншую тых, хто гэта задумаў. Чаго не хапіла асабіста мне, гэта крышку падштурхоўвання людзей, каб яны думалі, рабілі нейкія высновы, а чаму гэта адбылося.

Анатоль Лябедзька лічыць, што фільм „прыб’е” і так нізкі рэйтынг Лукашэнкі.

Лідар „Руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч, які таксама быў госцем нашага ранішняга эфіру кажа, што для палітызаванай публікі нічога новага ў фільме не было, але важна, што факты сабраныя ў адным месцы, пры гэтым Лукашэнка ўвесь час апраўдваецца:

– Пастаянна апраўдваецца, прычым робіць гэта завочна на працягу шматлікіх апошніх гадоў, гаворачы на апярэджанне, што нічога вы ў мяне не знойдзеце, ні капейкі я нікуды не патраціў. Увогуле ледзь не самы бедны прэзідэнт сярод прэзідэнтаў рэгіёна. Але насамрэч гэта ўсё не так і вось гэтае жаданне апраўдацца, жаданне заявіць пра тое, што ён зусім не вінаваты і ні рубля з дзяржаўнага бюджэту на сябе не патраціў, азначае, што чалавек таксама разумее прыроду з’яўлення ўсіх гэтых каштоўных забавак, якімі ён карыстаецца.

Фільм „Лукашэнка. Залатое дно” распавядае пра шыкоўнае жыццё апошняга дыктатара Еўропы: шматлікія рэзідэнцыі, лазні, басейны, аўтамабільны парк з дарагімі машынамі, гадзіннікі і нават асадкі за дзясяткі тысяч даляраў.

Беларускае Радыё Рацыя