Новы разгляд справы Рыгора Грыка за перадвыбарчы пікет



29-га снежня ў судзе горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна адбудзецца паўторны разгляд у іншага суддзі адміністрацыйнай справы грамадскага актывіста Рыгора Грыка. Такое рашэнне прынята ў Берасцейскім абласным судзе.

Падчас першага судовага разгляду справы ў Баранавіцкім судзе Грык быў абвінавачаны ў арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства ў час выбарчай кампаніі і пакараны штрафам у паўтары тысячы рублёў, кажа Рыгор Грык:

– Гэта быў выбарчы пікет за кандыдата, у якога я быў даверанай асобай. Я выходзіў на пікет у паласатай робе, што не забараняецца законам. А тое, што ўладам не падабаецца маё адзенне, гэта іхнія праблемы. Я не голы выйшаў на пікет. У якім адзенні праводзіць пікеты – гэта рашэнне кандыдата і даверанай асобы.

Судовае паседжанне адбудзецца ў Баранавіцкім судзе ў 14 гадзін 30 хвілін.

Паводле Рыгора Грыка, спадзяванняў на станоўчае і справядлівае рашэнне падчас паўторнага разгляду мала. У выніку адмоўнага рашэння ў беларускіх судовых інстанцыях рознага ўзроўню, ён звернецца ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Беларускае Радыё Рацыя