Новы выпадак анафілактычнага шоку



Новы выпадак анафілактычнага шоку, які развіўся пасля ўвядзення цэфтрыяксону і лідакаіну, зафіксаваны ў Беларусі. У Ганцавічах (Берасцейская вобласць) у рэанімацыю мясцовай бальніцы 20 студзеня была завезена 12-гадовая дзяўчынка, паведамляе БелТА.

прышчэпка

Лекі дзяўчынцы, якая захварэла гнойнай ангінай, увяла яе маці. Яна ж і выклікала хуткую дапамогу. Медыкі аператыўна аказалі пацярпелай дапамогу. Зараз яе жыццю нічога не пагражае.

Такім чынам, гэта трэці падобны выпадак за паўтара тыдня.

Як раней паведамлялася, 20 студзеня ў Барысаве 11-гадовы хлопчык быў шпіталізаваны пасля ўвядзення ў хатніх умовах антыбіётыку цэфтрыяксону расійскай вытворчасці, які быў набыты не ў Беларусі. Праз 10 хвілін пасля ўвядзення прэпарата, разведзенага ў 1-працэнтным лідакаіне, у хлопчыка з’явіліся сып, галавакружэнне, ваніты, ён стаў губляць прытомнасць і задыхацца. Бацькі адвезлі яго ў бальніцу, дзе дактары правялі комплекс рэанімацыйных мерапрыемстваў, у тым ліку штучную вентыляцыю лёгкіх. Дыягназ — анафілаксія на ўвядзенне цэфтрыяксону або лідакаіну, анафілактычны шок.

За некалькі дзён да таго ў Беларусі была прыпыненая рэалізацыя цэфтрыяксону (парашок для прыгатавання раствору для ін’екцый 1 г у флаконах, серыя 210215) і лідакаіну гідрахларыду (раствор для ін’екцый 10 мг/мл у ампулах 5 мл, серыя 50910) вытворчасці ААТ „Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў”. Гэта здарылася пасля смерці жыхаркі Маладзечанскага раёна 16 студзеня — жанчына памерла пасля ўколу антыбіётыку, ампулу якога прынесла з сабой у фельчарска-акушэрскі пункт. Па справе прызначаная судова-медыцынская экспертыза, праводзяцца лабараторныя даследаванні. Часовая забарона на рэалізацыю і прымяненне двух названых лекавых сродкаў пэўных партый будзе дзейнічаць да высвятлення прычын, з-за якіх у жанчыны пасля ін’екцыі ў медпункце развілася „цяжкая непажаданая рэакцыя”.

belapan.by