Новыя факты ў справе спрэчнай будоўлі на Талбухіна



Справа будаўніцтва паркоўкі ўсутыч з дамамі па вуліцы Талбухіна і праспекта Незалежнасці ў Менску атрымала новы паварот. Падчас судовых пасяджэнняў неаднаразова ўскрываліся факты маніпулявання дакументамі.

Адзін з прыкладаў: забудоўшчык – сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю „Вецер” — прадастаўляў у адну інстанцыю дакументы на падземную стаянку, а ў другую на наземную. Жыхары, якія пратэстуюць супраць стаянкі, называючы яе пагрозай здароўю і бяспецы, атрымалі адказ з Пракуратуры Менска пра тое, што пастаўлена пытанне пра прыпыненне работ.

Пра гэта нашаму радыё распавяла Галіна Сінілевіч, якая жыве ў адным з дамоў:

– Знойдзены сур’ёзныя памылкі ў атрыманай дакументацыі для зацверджання праекта. Пра дадзенае парушэнне мы заяўлялі на судзе, прадстаўлялі дакументы пра статус будынка на Талбухіна 3. У свой час мы размаўлялі з кіраўніком праекта Шчасновічам, калі мы яму паказвалі, што гэта інтэрнат. Ён нам увесь час даказваў, што гэта гасцініца, хаця сам ён неаднаразова быў у гэтым будынку. Ён шмат разоў заходзіў туды, ён там піў каву. Ён цудоўна ведае, што гэта за будынак, што гэта менавіта інтэрнат.

Пакуль будаўніцтва не прыпынена, забудоўшчыкі працуюць ударнымі тэмпамі. На працягу года нанесена вялікая шкода экалогіі – ў двары ссечаны дзясяткі дрэваў, а жыхары штодзённа чуюць шум праспекта, чаго раней не было, кажа іншая жыхарка вуліцы Талбухіна Алена Пенкрат:

– Пасля таго, як вырубілі каля 300 дрэваў, то я думаю, што канешне не толькі я, але і ўсе астатнія жыхары чуюць бесперапынны шум праспекта, паветра ў нас пагоршылася, мы цяпер дыхаем выхлапнымі газамі. Я была сведкай таго, як аднабаковы рух на Талбухіна быў перакрыты, з улікам таго, што не прысутнічала машына ДАІ. 13 метраў ад майго дому да плоту, але чамусьці ў афіцыйных адказах дзяржаўных служб я бачу і 28 метраў, і 30 метраў.

Варта адзначыць, што забудоўшчык – таварыства „Вецер” працуе паводле расейскага графіку, ігнаруючы беларускія святы і выходныя. Працы праходзілі нават 25-га снежня. Нярэдка рабочыя працуюць і позна ўвечары.

Слухайце рэпартаж у далучаным файле:

[Not a valid template]

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск