Новыя прысуды па „справе карагодаў”: судзяць сем’ямі



У судзе Маскоўскага раёна Берасця 4 жніўня вынеслі прысуды сёмай групе па „карагоднай справе”.

Нагадаем, 13 верасня на Маршы герояў у Берасці на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава пратэстоўцы вадзілі карагод, спявалі песні «Муры» і «Тры чарапахі», танчылі. Пратэстоўцаў разагналі вадамётам. Цяпер на лаве падсудных палітзняволены будаўнік і актывіст з Пружанаў Ігар Лаптановіч і ягоная жонка-бібліятэкарка Юлія, у іх сям’і трое дзяцей-школьнікаў. Справу супраць сёмай групы па «справе карагодаў», у якую ўваходзілі 12 абвінавачаных, разглядала Вера Філонік. Гэта ўжо шостая суддзя з Берасця, якая ўдзельнічае ў судовым канвееры па самай масавай палітычнай справе ў Берасці. Дзяржаўнае абвінавачанне падтрымлівалі Генадзь Буры і Вадзім Багатка, якія запатрабавалі суровыя тэрміны пакарання па гэтай справе. Пракурор Буры выступаў дзяржабвінаваўцам па справе забітага Генадзя Шутава і сведкі забойства Аляксандра Кардзюкова.

Каго і як асудзілі?

Суддзя Вера Філонік прызначыла наступныя пакаранні фігурантам сёмай групе па „справе карагодаў”:

Андрасюк Арцём Аляксандравіч — 2 гады „хіміі” (віну не прызнаў); Бірукоў Аляксей Валер’евіч — 2 гады „хатняй хіміі” (часткова прызнаў віну); Бірукова Таццяна Юр’еўна — 2 гады „хатняй хіміі” (часткова прызнала віну); Дзягцярык Сяргей Васільевіч — 2 гады „хатняй хіміі” (часткова прызнаў віну); Дзям’янка Дар’я Васільеўна — 2 гады „хатняй хіміі” (не прызнала віну); Касцюк Андрэй Пятровіч — 3 гады „хіміі” (не прызнаў віну); палітзняволены Лаптановіч Ігар Анатольевіч — 2,5 гады калоніі (не прызнаў віну); Лаптановіч Юлія Аляксандраўна (жонка Ігара) — 3 гады „хатняй хіміі” (не прызнала віну); Макарэвіч Уладзімір Віктаравіч — 2,5 гады „хіміі” (не прызнаў віну); Парфеевец Андрэй Аляксеевіч — 2 гады „хатняй хіміі” (часткова прызнаў віну); Пяцінкін Канстанцін Паўлавіч — 2 гады „хатняй хіміі” (прызнаў цалкам віну); Шыла Наталля Уладзіміраўна — 2,5 гады „хіміі” (не прызнала віну). Палітзняволены Ігар Лаптановіч — адзіны, хто быў пад вартай у зале суда. Яго затрымалі 24 сакавіка. З 12 чалавек сем фігурантаў і фігурантак не прызналі віну цалкам.

Па справе „карагодаў” прысуды вынеслі ўжо 67 фігурантам.

Як абвінавачванне гучыць у матэрыялах справы?

Паводле версіі абвінавачвання, кожны з абвінавачаных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку была нанесеная шкода 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму – 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчавання. Такая фармуліроўка гучыць ва ўсіх абвінавсачваннях.

spring96.org