Нягледзячы на халоднае лета, беларускія здраўніцы запоўненыя



Нягледзячы на надвор’е, беларускія здраўніцы запоўненыя на 100%, паведаміў 18 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Менску дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі.

Паводле яго слоў, сярэдняе запаўненне за першае паўгоддзе супастаўнае з узроўнем мінулага года і складае больш за 70%.

Балбатоўскі адзначыў, што за кошт бюджэту і сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання сёлета ўжо аздаравіліся 380 тыс. чалавек, на што затрачана больш за 92 млн рублёў.

Кіраўнік цэнтра адзначыў, што калі ў санаторыях на астатні летні перыяд месцаў ужо практычна няма, то ў дзіцячыя лагеры на чацвёртую змену (у жніўні) пуцёўкі яшчэ засталіся.

У краіне працуюць больш за 5 тыс. дзіцячых лагераў з розным тыпам знаходжання. Да завяршэння другой змены ў Беларусі аздаровяцца прыблізна 80% ад запланаваных 360 тыс. чалавек. „Такім чынам, за першую і другую змены ў лагерах з кругласутачным знаходжаннем адпачнуць прыблізна 100 тысяч дзяцей і ў лагерах з дзённым знаходжаннем — прыблізна 200 тысяч”, — сказаў ён.

Кошт пуцёвак аказаўся ніжэйшым за запланаваны на пачатку летняй кампаніі, падкрэсліў Балбатоўскі. Так, фактычная цана пуцёўкі на першую змену ў лагер з кругласутачным знаходжаннем не менш як на 18 дзён была 380 рублёў замест запланаваных 410, у спартыўны лагер — 420 замест 465 рублёў.

belapan.by