Някляеў: Грамадзянская супольнасць знаходзіцца пад „хатнім арыштам”



Грамадзянская супольнасць Беларусі знаходзіцца пад „хатнім арыштам”. Так беларускі паэт і палітык Уладзімір Някляеў ахарактарызаваў умовы працы ў краіне няўрадавых арганізацый, удзельнічаючы 6 верасня ў адной з дыскусій у рамках XXVII эканамічнага форуму, які праходзіць у польскім горадзе Крыніца-Здруй.

Някляеў нагадаў аб сваім знаходжанні ў турме КДБ, а затым пад хатнім арыштам пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

„У мяне ёсць досвед знаходжання ў турме і знаходжання пад так званым хатнім арыштам. Калі ты бачыш краты на вокнах, жалезныя дзверы, вартавых і цалкам разумееш сітуацыю, у якой жывеш, ты адэкватна рэагуеш на гэтую сітуацы. А вось у такіх напаўдыктатарскіх рэжымах сітуацыя такая, быццам ты пад хатнім арыштам. То бок ілюзія свабоды паводзінаў, таму што твае вокны, твае дзверы, але, на самай справе, ты не можаш да іх падысці, таму што ў тваім доме два ўзброеныя супрацоўнікі КДБ. І вось у такіх умовах фактычна мы жывем сёння ў Беларусі”, — заявіў ён.

На думку Някляева, адной з небяспечных сусветных тэндэнцый сёння з’яўляецца імкненне да дыктатуры і таталітарызму нават у традыцыйна дэмакратычных дзяржавах.

„Мяркуючы па запісах у „Твітэры” Трампа, ён марыць пра ўладу, якая ёсць у Пуціна. Калі б я быў не паэтам, а кінематаграфістам і здымаў фільм, я б памяняў іх месцамі: Пуціна ў ЗША, а Трамп — у Расію. І нічога б не змянілася. Трамп бы заваёўваў Крым, а Пуцін бамбаваў бы Паўночную Карэю. Асноўная задача грамадзянскай супольнасці — супрацьстаяць гэтым тэндэнцыям, яны вельмі небяспечныя”, — дадаў палітык.

Някляеў упэўнены, што праяўленне такіх тэндэнцый у свеце звязана з тым, што „ўлада абескультурылася”.

XXVII эканамічны форум у Крыніцы-Здруй, які часта называюць польскім Давосам, праходзіць з 5 па 7 верасня. У ім бяруць удзел каля дзвюх тысяч чалавек, у тым ліку былыя і дзейныя палітыкі і чыноўнікі, эксперты, навукоўцы і прадпрымальнікі.

У рамках мерапрыемстваў узнагарода форуму ўручана беларускай пісьменніцы, лаўрэату Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлане Алексіевіч.

belapan.com