Нямецкая ваенная тэхніка ў Слоніме, 1915 -1916 гады



Падчас Першай сусветнай вайны кайзераўскія салдаты 3 верасня 1915 года ўвайшлі ў Слонім. На працягу 40 месяцаў Слонім знаходзіўся пад уладай немцаў. У Слоніме дыслацыравалася 9-я кайзераўская армія.

Штаб арміі знаходзіўся ў палацы Пуслоўскіх у Альбярціне. У 1916 годзе ў Слонім і Альбярцін наведаў прынц Баварыі Леапольд фон Вітэльсбах (1846-1930).  Тут ён правёў некалькі штабных паседжанняў з генераламі штаба 9-й арміі ў Альбярціне, наведаў усе ваенныя аб’екты і пазнаёміўся з ваенным бытам вайскоўцаў. А потым на цягніку выехаў на Захад.

Падчас акупацыі ў Слонім прыбыла шмат ваеннай нямецкай тэхнікі. Падобную тэхніку жыхары Слонімшчыны бачылі ўпершыню. Па вуліцах Слоніма і Альбярціна кайзераўскія вайскоўцы ездзілі на бронеаўтамабілях з грузавым шасі нямецкай фірмы “Mannesmann-Mulag”. Часта можна было бачыць самаходныя зеніткі, грузавікі фірмы “Даймлер”, штабныя “Мерседэсы”, легкавыя аўтамабілі “Опель”, аўдзі “Ландоле-лімузін 1913” і іншыя. Вось некалькі здымкаў, зробленых у Слоніме ў 1915-1916 гадах. Усе фотаздымкі друкуюцца ўпершыню.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва аўтара