Офіс Партыі БНФ часова прыпыніў сваю дзейнасць



Партыя БНФ шукае ў грамадства падтрымкі для ўтрымання офісу. З-за фінансавых цяжкасцей у шэрагу дэмакратычных партый і арганізацый з’явіліся праблемы з утрыманнем офісаў. Так,  Рух „За свабоду” не здолеў працягуць арэнду свайго офісу і пакуль працуе без памяшкання. У менскай сядзібе Партыі БНФ з-за камунальных запазычанасцяў адключана святло. Пасля чаго кіраўніцва партыі вырашыла часова зачыніць офіс, да выплаты пазыкаў, папярэдне – з 6 па 10 чэрвеня.

Па словах кіраўніка Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, да складанай сітуацыі прывёў шэраг прычынаў:

– Так сталася, што доўгая была зіма, ацяпляльны сезон быў вельмі доўгі, і камунальны кошт узрос. Склалася так, што выдаткі на аплату камунальных былі большыя, чым звычайна. У звязку з гэтым у нас утварылася запазычанасць. Дасягнула пазыка такога ўзроўню, што адключылі нам святло, пакуль не будзе пагашага запазычанасць. Я думаю, цягам тыдня, можа 10 дзён, мы гэтае пытанне вырашым і будзе паўнавартасна функцыянаваць офіс надалей.

Па словах Аляксея Янукевіча, каб падключыць памяшканне да святла, неабходна каля 3 тысяч беларускіх рублёў – гэта прыкладна 1 600 долараў ЗША. Зараз, па яго словах, ідуць перамовы з магчымымі ахвярадаўцамі. Адкрыты дабрачынны  рахунак у банкаўскай разліковай сістэме ЕРЫП, праз які сябры і прыхільнікі партыі могуць пералічыць патрэбныя грошы.

Па меркаванню Аляксея Янукевіча, сітуацыя з запазычанасцю хаця і вельмі непрыемная, аднак не пагражае партыі стратай офісу.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя