Па 10 базавых штрафу за налепкі



Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода Андрэй Астапчук і Таццяна Фесікава засуджаныя да 10 базавых велічынь штрафу кожны.

Адпаведнае рашэнне прыняў суддзя суда Ленінскага раёна Берасця Аляксандр Семянчук, які раней неаднаразова разглядаў справы актывістаў. Таксама разглядалася справа Юліі Зубік, якую разам з Фесікавай у нядзелю затрымалі каля плошчы Леніна:

– Звычайнае пасяджэнне, усё чакаема, міліцыянты даюць паказанні. Па маёй справе пастановы суд не вынес за мае скаргі прад’яўленыя да ўчастковага Рабушка за тое, што ён прымушаў мяне да дачы паказанняў шляхам запужвання, што ён пакіне мяне ў ІЧУ да наступнага дня да суда.

Усіх траіх абвінавацілі ў парушэнні правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў. Міліцыянты сведчылі, што ў абвінавачаных на вопратцы былі беларускамоўныя налепкі з надпісам „Прэч атруту, не завод! Гаспадарыць тут народу!”.

Калі жанчын, пасля дастаўкі ў Ленінскі РАУС, адпусцілі, то Андрэя Астапчука разам з Канстанцінам Астапуком пакінулі на ноч у ізалятары. Канстанціну Астапчуку спатрэбілася медычная дапамога, пасля чаго ён быў накіраваны ў Берасцейскую гарадскую бальніцу. Ягоная справа будзе разглядацца пазней.

Каля дзесяці берасцейцаў пакінулі судовую залю падчас судовага разбіральніцтва. Калектыўны выхад прысутных быў рэакцыяй на выдаленне з залі праваабаронца Рамана Кісляка, бо ён з месца папрасіў у суддзі, каб сведка-міліцыянт даваў паказанні гучней:

– Суд праходзіць такім чынам, што грамадзяне, якія прыйшлі паслухаць дадзенае судовае пасяджэнне, зусім не могуць слухаць яго, бо сведкі – супрацоўнікі міліцыі вельмі ціха кажуць. Калі людзі, і я ў тым ліку, прасілі гучней, то суддзя проста выдаляе з залі судовых пасяджэнняў. Тыя, хто прыходзіць у суд, як гледачы, ёсць адно права паслухаць тое, што адбылося ў судзе. Нас гэтага адзінага права пазбавілі.

Варта адзначыць, што людзі, якія прыйшлі падтрымаць прысутных, выклікалі ДАІ, бо адзін са сведкаў-міліцыянтаў прыпаркаваў свой аўтамабіль у забароненым месцы. На яго быў складзены пратакол за парушэнне правілаў дарожнага руху.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце