Па памятнай дошцы ў гонар 100-годдзя БНР дасюль няма станоўчага рашэння



Сталічныя ўлады дагэтуль не прынялі станоўчае рашэнне аб усталяванні на вуліцы Валадарскага ў Менску памятнай дошкі ў гонар абвяшчэння ў 1918 годзе Беларускай Народнай Рэспублікі. Адпаведны адказ атрымаў з Мінгарвыканкама аргкамітэт па святкаванні 100-годдзя БНР.

Як паведаміў БелаПАН адзін з членаў аргкамітэта старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, у адказе не гаворыцца, з-за якой прычыны не прынятае станоўчае рашэнне.

Найбліжэйшым часам, паведаміў палітык, кіраўніцтва аргкамітэта плануе абмеркаваць, якія неабходна зрабіць захады, каб паскорыць прыняцце станоўчага рашэння.

Прыблізна месяц таму палітыкі і грамадскія дзеячы папрасілі Мінгарвыканкам паскорыць вырашэнне пытання аб усталяванні памятнай дошкі. Адпаведны зварот на адрас старшыні гарвыканкама Андрэя Шорца падпісалі акадэмік Радзім Гарэцкі, мастак Мікола Купава, святар Леанід Акаловіч, грамадскі дзеяч Аляксандр Жучкоў, дэпутат Вярхоўнага савета 13-га склікання Лявон Баршчэўскі, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

У звароце гаварылася, што нацыянальны грамадскі арганізацыйны камітэт па святкаванні 100-гадовага юбілею БНР „высока цэніць” разуменне сталічнымі ўладамі справы „ўшанавання памяці выбітных асоб і значных падзей айчыннай гісторыі”. На думку камітэта, гэта „спрыяе кансалідацыі беларускай нацыі і ўмацаванню яе адзінства”.

Пры гэтым падкрэслівалася, што аргкамітэт вымушаны звярнуцца да старшыні Мінгарвыканкама ў сувязі з тым, што зацягнулася прыняцце канчатковага рашэння аб усталяванні ўжо ўзгодненай з адпаведнымі органамі мемарыяльнай дошкі.

Перад 25 сакавіка, калі блізу опернага тэатра адбыліся дазволеныя мітынг і канцэрт, прысвечаныя 100-годдзю БНР, сталічныя ўлады станоўча выказваліся аб усталяванні памятнай дошкі. Але неафіцыйна было сказана, што „трэба рабіць усё на падставе закону, каб былі праведзеныя ўсе працэдуры”.

Дата ўстаноўкі некалькі разоў пераносілася, і калі гэта можа адбыцца, па-ранейшаму невядома.

Сродкі на выраб памятнай дошкі замест састарэлага арыгінала, створанага ў 1993 годзе скульптарам Аляксандрам Шатэрнікам, былі сабраныя праз інтэрнэт за некалькі гадзін.

belapan.by